Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі апублікаваў 14 жніўня паведамленьне аб ходзе «справы мэдыкаў», у межах якой быў затрыманы і абвінавачаны ў карупцыйных злачынствах шэраг кіраўнікоў мэдычных установаў.
«У сувязі з завяршэньнем з шэрагам абвінавачаных асноўных сьледчых дзеяньняў, іх дзейным раскаяньнем і супрацоўніцтвам са сьледзтвам сьледчымі прынятае рашэньне аб зьмене ім меры стрыманьня на не зьвязаныя з пазбаўленьнем волі, — піша КДБ. — У цяперашні час вызваленыя асобы ня могуць займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, да разгляду крымінальных справаў у судзе і ўступленьня ў законную сілу прысудаў па іх. Іншымі словамі, яны могуць працаваць шараговымі лекарамі».
Незадоўга да гэтага паведамленьня стала вядома аб вызваленьні некаторых фігурантаў справы: на волю выйшлі галоўны ўрач Менскай абласной бальніцы Андрэй Каралько, загадчык эндаскапічным аддзяленьнем 9-й бальніцы Андрэй Саўчанка і намесьнік дырэктара РНПЦ дзіцячай хірургіі Аляксандар Махлін.
Да таго паведамлялася пра вялізныя сумы хабараў, выяўленых у справе: «да 350 тысячаў даляраў за раз», «620 тысячаў даляраў у схованцы ў гаражы».
Аляксандар Лукашэнка 14 жніўня скрытыкаваў віцэ-прэм’ера Васіля Жарко (экс-кіраўніка Мінздароўя) за недапрацоўкі ў разьвіцьці сфэры аховы здароўя: «Чаму ў вас карупцыянэр на карупцыянэры сядзіць і карупцыянэрам паганяе, а тут вы не пасьпелі?»
Пэнсіянэр, які ініцыяваў «справу мэдыкаў»: «Я думаў, ведамства Жарко — непатапляльны авіяносец»
Затрыманьні мэдыкаў. Што важна ведаць
Што здарылася: Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі раскрыў карупцыйную схему ў сфэры закупаў мэдтэхнікі.
- 11 чэрвеня стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).
- 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў.
- Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдычнай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.
- 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).
- 25 чэрвеня СМІ паведамілі пра затрыманьне на мінулым тыдні галоўнага ўрача Менскай абласной лякарні Андрэя Каралько (нібыта за «перавышэньне службовых паўнамоцтваў») і начальніка ўпраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму Андрэя Стрыжака.
- 21 ліпеня быў звольнены намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі, які знаходзіцца пад арыштам у «справе мэдыкаў».
- 2 жніўня пачаўся першы суд па «справе мэдыкаў».
- Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.