Асуджанаму ў Расіі ўкраінскаму рэжысёру Алегу Сянцову перадалі шмат лістоў, расказала расейскаму выданьню МБХ расейская праваабаронца і журналістка Зоя Сьветава, якая наведала зьняволенага 14 жніўня.
«Сёньня перад маім прыходам Алегу прынесьлі шмат лістоў, якіх ён раней не атрымліваў, зь іх ён даведаўся разнастайныя навіны. Быў рады пачуць, што ўжо зьнята 30 ролікаў пра ўкраінскіх палітвязьняў», — піша Зоя Светлавая.
Яна папрасіла Алега Сянцова апісаць свой дзень.
«Ён сказаў, што ўсе дні падобныя, — расказвае праваабаонца. — З раніцы — мэдычныя працэдуры, потым ён чытае, а чытае даволі шмат, як ён сказаў — 100 старонак на дзень, а раней чытаў удвая больш. Ён адказвае на лісты, то рэдагуе, займае мозг. Бываюць дні, калі наогул нічога ня можа рабіць. Чытаць і пісаць — важна, каб „не развальвацца“, растлумачыў Сянцоў. А калі я паскардзілася, што не магу нічога чытаць і ў мяне была дэпрэсія, Алег прызнаўся, што ў яго не бывае дэпрэсіі, „хіба на паўгадзіны“».
Паводле яе, увечары ён на паўгадзіны выходзіць паглядзець навіны на тэлеканале «Россия 24». З тэлевізара ён даведаўся пра размову прэзыдэнта Францыі Эмануэля Макрона з Уладзімірам Пуціным. У той жа час па тэлевізіі не сказалі, што яны размаўлялі, у прыватнасьці, пра Сянцова.
Больш за сто дзеячаў сусьветнай культуры выступілі ў падтрымку Сянцова
Яна дадала, што рэжысэр вырашыў працягваць галадоўку, пакуль Расея ня вызваліць украінскіх палітвязьняў, якіх, паводле падліках украінскіх уладаў, 71. Паводле яе слоў, Сянцоў запэўніў, што лекары ў турме робяць усё, што трэба.
«Галоўнае, што мяне ўразіла, але я веру Алегу — лекары «лічаць зьняволеных за людзей«, у адрозьненьне ад таго, як ставяцца да зьняволеных у цывільным шпіталі, куды Алега вывозілі, калі ў яго некаторы час таму здарыўся крызіс, і яго зьбіраліся там у лякарні прымусова карміць», — піша праваабаронца.
Крэмль адмовіўся памілаваць Сянцова
Для пачатку працэдуры памілаваньня Алега Сянцова ён павінен самастойна зьвярнуцца да Пуціна з такой просьбай, гаворыцца ў адказе, які маці рэжысёра Людміла Сянцова атрымала ад упраўленьня забесьпячэньня канстытуцыйных правоў грамадзянаў пры адміністрацыі прэзыдэнта, перадае «Громадське».
***
Асуджаны ў Расеі ўкраінскі рэжысэр Алег Сянцоў 14 траўня абвясьціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваньнем вызваліць усіх украінскіх палітвязьняў, якія знаходзяцца ў расейскіх турмах. 31 траўня ён заявіў, што яго «не цікавіць абмен», бо ён — «чалавек, які ідзе да канца».
Сянцоў і крымчук Аляксандр Кольчанка былі затрыманыя прадстаўнікамі расійскіх спэцслужбаў у анэксаваным Крыме ў траўні 2014 году паводле абвінавачваньняў у арганізацыі тэрактаў на паўвостраве. У жніўня 2015 году суд у расейскім Растове-на-Доне прысудзіў Сянцова да 20 гадоў калёніі строгага рэжыму па абвінавачаньні ў тэрарыстычнай дзейнасьці на тэрыторыі Крыма. Кольчанка атрымаў 10 гадоў калёніі. Абодва сваю віну не прызналі.
Праваабарончы цэнтар «Мемориал» унёс Сянцова і Кольчанку ў сьпіс палітвязьняў. Сянцоў назваў свой стан перадкрытычным.