Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган раніцай 14 жніўня заявіў, што краіна пачынае байкот амэрыканскай электронікі.
«Мы будзем байкатаваць усе электронныя тавары вытворчасьці ЗША. У іх ёсьць iPhone, але на іншым канцы сьвету таксама вырабляюць Samsung, а ў нас саміх ёсьць Venus Vestel. Мы ўвядзем гэтыя абмежавальныя захады», — заявіў прэзыдэнт у Анкары.
Vestel — турэцкі вытворца бытавой электронікі і тавараў у галіне інфармацыйных тэхналёгій. Гэта адзін з найбуйнейшых прадаўцоў тэлевізараў у Эўропе пад маркай Vestel, таксама ён прадае лядоўні і маразільнікі пад маркай Vestfrost і іншыя тавары пад маркамі Telefunken, Kendo, Maxwell, Celcus, Finlux, Electra. У 2014 годзе Vestel выйшаў на рынак смартфонаў з мадэльлю Venus.
Рашэньне пра байкот ужо падтрымалі некалькі буйных турэцкіх кампаній.
Віцэ-прэзыдэнт авіякампаніі Turkish Airlines заявіў, што на борце яе самалётаў ня будуць рэклямаваць амэрыканскія тавары і паслугі:
«Turkish Airlines стаіць на баку нашай дзяржавы і народу. Адпаведныя распараджэньні аддадзеныя нашым ^[рэклямным^] агенцтвам», — напісаў ён, суправадзіўшы паведамленьне хэштэгам #ABDyeReklamVerme ( «Не давайце рэкляму ЗША»).
Пра байкот амэрыканскіх тавараў таксама абвясьціла кіраўніцтва Türk Telekom:
«Кампанія стала часткай кампаніі #ABDyeReklamVerme, якую праводзіць наша дзяржава і наш народ. Мною былі дадзены адпаведныя інструкцыі нашым агенцтвам», — напісаў топ-менэджэр Türk Telecom, які займаецца карпаратыўнымі камунікацыямі:
Эрдаган падкрэсьліў, што рашэньне пра байкот — адказ на рашэньне ўладаў ЗША рэзка павысіць тарыфы на турэцкія сталь і алюміній і агульнае пагаршэньне адносінаў дзьвюх краінаў. Напярэдадні прэзыдэнт Турэччыны абвінаваціў амэрыканскіх і замежных інвэстараў у рэзкім падзеньні турэцкай ліры. Яна за апошнія пяць дзён страціла ў цане амаль 25%, столькі ж, колькі за ўвесь апошні год.
Эрдаган назваў дзеяньні Белага дому супраць Турэччыны і ліры «эканамічным тэрарызмам» і «ударам у сьпіну» і заўважыў, што «краіна знаходзіцца ў аблозе, як у сфэры эканомікі, так і ў іншых галінах».
Аднак эканамічны дарадца Белага Дому Кевін Хасэт патлумачыў прычыны эканамічных праблем Турэччыны ў першую чаргу ўнутранымі прычынамі і заявіў у сувязі з гэтым: «Калі краіна адыходзіць ад лібэральнай дэмакратыі, ніхто ня ведае, што можа здарыцца зь яе эканомікай. Я думаю, гэта ўсё (праблемы) зьвязаны менавіта з нявызначанасьцю».