На ўсходзе Аўганістану талібы забілі больш за 100 чалавек

Ілюстрацыйнае фота.

90 аўганскіх вайскоўцаў і 13 мірных жыхароў загінулі на ўсходзе Аўганістану ў Газьні ў выніку сутыкненьня з байцамі радыкальнага руху «Талібан». Сотні чалавек атрымалі раненьні. Пра гэта паведамляюць аўганскія і міжнародныя сродкі масавай інфармацыі. Страты сярод талібаў не ўдакладняюцца.

Газьні зьяўляецца стратэгічным горадам на галоўнай аўтамагістралі, якая злучае сталіцу краіны Кабул з поўднем Аўганістану. Інфармацыйнае агенцтва Reuters адзначае, што напад на горад зьяўляецца сур’ёзным ударам для ўрадавых войскаў. Пры гэтым прадстаўнік сіл ЗША ў Аўганістане Марцін ОʼДонэл заявіў, што аўганскія нацыянальныя сілы абароны і бясьпекі працягваюць утрымліваць свае пазыцыі.

Раней сёньня на захадзе Аўганістану 50 талібаў на чале з камандзірам здаліся войскам урадавай арміі. Усяго ў гэтым аддзеле «Талібану» было 300 баявікоў.

11 жніўня стала вядома, што дэлегацыя талібаў у Ташкенце правяла перамовы аб мірным урэгуляваньні ў Аўганістане, аднак падрабязнасьці сустрэчы не раскрываюцца.

Пасьля вываду асноўнага кантынгенту войскаў NATO у 2015 годзе з Аўганістану ўнутраны канфлікт у краіне абвастрыўся. Радыкальныя ісламісты з «Талібану» рэгулярна ладзяць тэракты і напады на аўганскіх і замежных вайскоўцаў. Пэнтагон неаднаразова заяўляў, што расейскія ўлады аказваюць падтрымку талібам пад выглядам дапамогі ў барацьбе з аўганскім аддзелам тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава». Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў назваў падобныя абвінавачваньні беспадстаўнымі.