«У Сянцова вялікі запас трываласьці» — Мустафа Джэмілеў пра галадоўку

Мустафа Джэмілеў у Нью-Ёрку падчас ініцыятывы #SaveOlegSentsov.

У ноч на нядзелю зьявіліся паведамленьні, што ўкраінскі рэжысёр Алег Сянцоў пакінуў калёнію ў Лабытнангі. Журналістка Вікторыя Іўлева напісала ў сваім Фэйсбуку, што спэцрэйс з Сянцовым выляцеў з Салехарду. Раніцай 12 жніўня гэтае паведамленьне афіцыйна абвергла расейская Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў: рэжысёр застаецца ў калёніі.

«Пачынаю падазраваць, што з нас, магчыма, пасьмяяліся», — напісала Іўлева на сваёй старонцы. Між тым стан здароўя Алега Сянцова, які галадае ў расейскай турме ўжо 91 дзень, пагаршаецца, пра гэта распавёў яго адвакат Дзьмітрый Дзінзэ.

У Сянцова «усё ня проста дрэнна, усё катастрафічна дрэнна», пацьвярджае яго сястра Натальля Каплан. Тым ня менш палітвязень ня мае намеру спыняць галадоўку.

Рэдакцыя Свабоды «Крым. Рэаліі» запыталася, што адчувае чалавек пасьля такой доўгай адмовы ад ежы і што дапамагае трымацца ва ўмовах інфармацыйнай ізаляцыі, у савецкага дысыдэнта, лідэра крымска-татарскага народу Мустафы Джэмілева, які ў 70-я гады галадаў у турме рэкордны тэрмін — амаль год.

У 18 гадоў ён даў сабе слова: біцца да канца. Мустафа Джэмілеў і яго вяртаньне ў Крым

Амаль сорак гадоў таму, пратэстуючы супраць свайго перасьледу савецкімі ўладамі, Мустафа Джэмілеў, крымчанін, як і Алег Сянцоў, галадаў 303 дні ў адзіночнай камэры омскай турмы за тысячы кілямэтраў ад дому. З прычыны поўнай ізаляцыі Джэмілева ад зьнешняга сьвету нават яго родныя ў пэўны момант палічылі, што ён памёр. Як узгадвае лідэр крымскіх татараў, яго нават адпявалі ў турэцкіх мячэцях. А актывісты ў Нью-Ёрку зімой 1976 году ля будынку ААН патрабавалі прыцягнуць да адказнасьці людзей, «якія забілі ў савецкай турме крымска-татарскага дысыдэнта Мустафу Джэмілева». Міністэрства замежных спраў розных краін тады адпраўлялі запыты ўладам СССР, каб даведацца пра лёс Джэмілева, але атрымлівалі толькі адпіскі. Пра тое, што палітвязень жывы, даведалася яго маці, праз чатыры месяцы атрымаўшы запрашэньне на чарговае пасяджэньне суду па яго справе аб антысавецкай дзейнасьці.

Спыніў галадоўку Мустафа Джэмілеў пасьля прызыву маці і аўтарытэтнага савецкага праваабаронцы і дысыдэнта Андрэя Сахарава. Да таго часу суд прысудзіў крымска-татарскага актывіста да 2,5 гадоў пазбаўленьня волі.

У 2012 годзе імя лідэра крымскіх татараў апынулася на чале сьпісу людзей, якія вытрымалі найбольш працяглыя і вядомыя галадоўкі пратэсту ў гісторыі чалавецтва, які быў складзены расейскім выданьнем «Газета. ru». Выданьне адзначае, што пасьля поўнай адмовы ад ежы чалавек можа пражыць да 45 дзён. Пасьля гэтага функцыі арганізма пачынаюць адмаўляць адна за другой. У выпадку з гвалтоўным кармленьнем праз зонд ёсьць шанцы пражыць месяцы. Мустафа Джэмілеў змог пратрымацца 10 месяцаў.

«Сьніліся гарачыя ўзбэцкія аладкі з малаком»

Сёньня лідэр крымскіх татараў актыўна сочыць за сытуацыяй вакол Алега Сянцова і падтрымлівае грамадзянскую кампанію па яго вызваленьні. Ён сьцьвярджае, што галадоўка Сянцова надзвычай складаная і сапраўды пагражае яго жыцьцю.

— За савецкім часам на пэўным этапе прымалі рашэньне аб прымусовым кармленьні галадоўніка. Цяпер у Расеі быццам бы пытаюцца згоду ў галадоўнікаў. Хоць гэта ня вельмі карэктна. Калі не атрымліваюць дазволу, абмяжоўваюцца толькі ўколамі глюкозы, а гэта небясьпечна, чалавек нядоўга можа так жыць. Мне не зусім зразумела, якая сытуацыя з прымусовым кармленьнем Сянцова. У Балуха (украінская актывіст, які больш 140 дзён галадае ў крымскім СІЗА. — РС), я ведаю, што прымусовага кармленьня няма. А вось у выпадку з Сянцовым яго сапраўды загналі на край сьвету, і ніякіх вестак пра яго няма. Хоць у іншых калёніях Расеі, наколькі я ведаю, практыкуюцца тэлефонныя размовы, — кажа Мустафа Джэмілеў.

Мустафа Джэмілеў.

Паводле яго, галадоўка ў турме — гэта вялікае псыхалягічнае выпрабаваньне. У інтэрвію ўкраінскім СМІ Джэмілеў раней распавядаў, што баяўся не вытрымаць галадоўку і на гэты выпадак трымаў пад рукой лязо, не выключаючы, што можа перарэзаць сабе вены.

Мустафа Джэмілеў: Пакуль у Беларусі аўтарытарны рэжым, сказаць, што яна ў бясьпецы, яе сувэрэнітэт у бясьпецы, цяжка

Лідэр крымскіх татараў успамінае, што на яго пастаянна аказвала ціск адміністрацыя калёніі, спрабуючы прымусіць спыніць галадоўку. Яго прымусова кармілі праз зонд, фізычна спыняюць усе спробы супраціву, а начальнік турмы пэрыядычна заходзіў да яго ў камэру з рэплікамі: «Калі ж ты здохнеш, гад?», успамінае Джэмілеў.

— Праз дзень-два ў мяне адбывалася прымусовае кармленьне праз зонд, які ўводзілі праз пашыральнік роту. Гэта падтрымлівала жыцьцядзейнасьць арганізму. Тым ня менш, было пастаяннае пачуцьцё голаду, незалежна ад таго, якая форма галадоўкі. Гэта самае страшнае. Мне ўвесь час сьнілася ежа. Чамусьці сьніліся гарачыя ўзбэцкія аладкі з малаком, як быццам нічога смачней больш няма. І самае дрэннае, што як толькі пачынаеш есьці ў сьне, адразу прачынаесься. Гэта значыць у сьне таксама «паесьці» не атрымлівалася, — распавядае ён.

Мустафа Джамілеў пра пазыцыю Лукашэнкі наконт Крыму: Лёгікі ў яго дзеяньнях няма

«Яны галадаюць за нас усіх»

Былы палітвязень кажа, што падчас сваёй галадоўкі таксама адчуваў інфармацыйную ізаляцыю, але атрымліваў намёкі ад адміністрацыі турмы пра тое, што на Захадзе яго пратэст выклікаў вялікі рэзананс. І ў выніку той жа начальнік турмы, які прагнуў сьмерці Джэмілева, сам жа яго і заклікаў спыніць галадоўку, «каб заткнуць галасы ворагаў Савецкага Саюзу, якія сталі гучаць занадта гучна».

— Я ведаў, што пра пытаньне Крыму і праблему крымскіх татараў амаль штодня гавораць усе заходнія радыёстанцыі. У іх у эфірах увесь час распавядалі, колькі дзён я галадаю і ў чым сутнасьць маёй галадоўкі. Гэта была мая галоўная задача. Абвяшчаючы галадоўку, я не разьлічваў, што мяне вызваляць, але я кожны дзень чагосьці дамагаўся, і гэта давала мне сілы. У кожнага ёсьць пэўны запас трываласьці. У Сянцова, я бачу, вельмі вялікі запас, і рашучасьць вялікая, і матывы галадоўкі вельмі высакародныя. Вядома, ніхто ня скажа: працягвай галадоўку. Яны (галадоўнікі-палітвязьні. — РС) ведаюць, што наносяць шкоду свайму здароўю і могуць памерці. Але грамадзянам Украіны трэба памятаць, што яны там галадаюць у тым ліку за нас усіх, — кажа Мустафа Джэмілеў.

Пытаньне вызваленьня Алега Сянцова актыўна ініцыююць на ўсіх пляцоўках украінскія ўлады, грамадзкасьць і праваабаронцы. Да гэтай кампаніі далучыліся шматлікія аўтарытэтныя арганізацыі і дзеячы ва ўсім сьвеце.

У пачатку ліпеня маці Сянцова Людміла зьвярнулася да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з просьбай памілаваць яе сына. 9 жніўня прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў паведаміў, што гэты ліст паступіў у адміністрацыю Пуціна.

Украінскія ўлады таксама абмяркоўваюць з расейскім бокам варыянт абмену Алега Сянцова на Аляксея Седыкава — лейтэнанта запасу Ўзброеных сіл Расеі, узятага ў палон украінскімі вайскоўцамі ў Данбасе і асуджанага за тэрарыстычную дзейнасьць. Але рашэньня па гэтым пытаньні пакуль няма.