«Цяпер можаце ня толькі курыць, але і свабодна дыхаць — паехаў ён», — сказалі міліцыянты людзям у цэнтры гораду, калі картэж Лукашэнкі накіраваўся на «Гомсельмаш».
10 жніўня ў Гомель прыбыў Аляксандар Лукашэнка. Пад ягоны візыт цэнтар гораду два разы рамантавалі.
У пятніцу на кожным скрыжаваньні ў цэнтры гораду стаялі супрацоўнікі ДАІ, рух па некаторых вуліцах быў перакрыты. З-пад адзеньня некаторых «звычайных мінакоў» гучалі перамовы па рацыі.
Канцэнтрацыя міліцыі і «людзей у цывільным» была асабліва падвышаная ля новага абласнога дзіцячага шпіталя, які нядаўна быў рэканструяваны на загад Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта сюды ён і прыбыў.
Верталёт Лукашэнкі прызямліўся на пляцоўцы каля Лугавой вуліцы у 11:30. А 12-й картэж бачылі каля дзіцячага шпіталя на вуліцы Жаркоўскага.
Гэтую вуліцу цалкам перакрылі для руху транспарту. Пешаходам дазвалялі хадзіць толькі па супрацьлеглым ад шпіталя боку.
Таксама людзей прасілі не затрымлівацца на рагу вуліц Жаркоўскага і Савецкай.
Людзі пра Лукашэнку: «На чорта ён нам здаўся»
У сквэры імя Андрэя Грамыкі, насупраць дзіцячага шпіталя, газон быў скошаны амаль да голай зямлі. Тут сядзела кампанія дворнікаў. Выявілася, што яны вартуюць.
«А раптам які несумленны грамадзянін кіне недакурак, а прэзыдэнт убачыць — вось вартуем тут», — сказаў адзін зь іх.
У тым жа сквэры журналісты спыталі ў пэнсіянэрак, якія сядзелі на лаўках: «Хочаце прэзыдэнта ўбачыць?»
«На чорта ён нам здаўся, мы яго кожны дзень па тэлевізары бачым, а тут нам не дадуць на яго паглядзець!», — адказалі жанчыны.
А 13:00 рух па вуліцы Савецкай быў перакрыты — з шпіталя выехаў картэж, паехаў на «Гомсельмаш».
— Тут можна пакурыць? — запыталіся людзі ў міліцыянта, які вартаваў вуліцу Жаркоўскага.
— Цяпер можна ня толькі курыць, але і свабодна дыхаць, і нават выпіць піва — ён паехаў ужо, — адказаў міліцыянт.
Лукашэнка ў Гомлі правярае: як выканалі яго даручэньні па рэканструкцыі дзіцячай бальніцы і стварэньні супэркамбайна. Новую тэхніку на «Гомсельмашы» стварылі ў чэрвені 2018 году. Супэркамбайн — палепшаная вэрсія «КЗС-2124», які ўжо працуе на сёлетнім жніве.
Лукашэнка не прыехаў. Але Гомель атрымаў новую бальніцу, туі ў бочках і плітку
Мінулы раз Лукашэнку чакалі ў Гомлі 27 ліпеня, але тады ён не прыехаў і некалькі дзён не зьяўляўся на публіцы. Пасьля гэтага пайшлі чуткі пра інсульт у Лукашэнкі. Іх абвергла ягоная прэсавая сакратарка.