Фрагмэнт сярэдняй вежы горадзенскага Старога замка з боку Нёмана разабралі ўвечары 8 жніўня. Гэтыя работы ўзгодненыя Міністэрствам культуры.
Гісторык і краязнаўца Ян Лялевіч бачыў, як праводзіліся гэтыя работы. Ён расказаў, што разабралі ня толькі частку савецкай муроўкі і польскай кансэрвацыі, але і фрагмэнт аўтэнтычнай сьцяны часоў князя Вітаўта (XIV стагодзьдзе) прыкладна 0,5–1 мэтар вышынёй і 4 мэтры даўжынёй. Паводле яго, аўтэнтычны кавалак адрозьнівае цэгла брудна-жоўтага колеру, змацаваная вапнай.
Паводле гісторыка, яе здымалі з дапамогай адбойніка, прымацаванага да экскаватара. Праз гэты праём мусіць прайсьці будаўнічая тэхніка, каб забіваць палі для ўмацаваньня схілу замкавай гары за абарончымі сьценамі.
Гэтыя работы дазволеныя.
«Шкада, што Мінкульт узгадніў гэтыя работы. Гэта каштоўны аўтэнтычны фрагмэнт абарончай сьцяны. У нас ня так шмат замкаў, пабудаваных у XIV стагодзьдзі або раней. Іх можна пералічыць на пальцах адной рукі», — кажа Ян Лялевіч.
Вядома, што на месцы цяперашняй сярэдняй вежы пры Вітаўце была брама з уваходам у замак. Дзе менавіта, можна выявіць з дапамогай той старой муроўкі, якую пачалі разьбіраць.
Краязнаўца адзначыў, што навуковага кіраўніка рэканструкцыі Ўладзімера Бачкова і праектавальнікаў не было на месцы, калі разьбіралі старадаўнюю муроўку.
Раней архітэктар інстытуту «Гроднаграмадзянпраект» Алег Шымбарэцкі казаў Свабодзе, што на замку больш нічога разьбіраць ня будуць.
«Усё, што вы бачыце на сёньняшні дзень, усё захоўваецца», — казаў 25 чэрвеня Свабодзе Алег Шымбарэцкі.
Сёньня Шымбарэцкі паведаміў Свабодзе, што інфармацыя пра разабраную старажытную сьцяну стагодзьдзяў не адпавядае рэчаіснасьці.
«Хто вам сказаў, што гэта сьцяна XIV–XV стагодзьдзяў? — абурыўся Алег Шымбарэцкі, галоўны праектавальнік рэканструкцыі замка. — Гэта поўная лухта».