Пінчука будуць судзіць за забойства цяжарнай цыганкі на нацыянальнай глебе

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Берасьцейскае ўпраўленьне Сьледчага камітэту скончыла расьсьледаваньне гучнай справы аб забойстве цяжарнай цыганкі ў Кобрыні.

11 лютага ў Кобрыні 19-гадовы жыхар Пінску нанёс шматлікія ўдары нажом 31-гадовай жанчыне і 39-гадоваму мужчыну. Вядома, што абое былі цыганскай нацыянальнасьці.

Жанчына памерла ў рэанімацыі. Выявілася, што яна была цяжарная, дзіця загінула таксама. Яе муж атрымаў цяжкія траўмы.

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Берасьцейшчыне Дзьмітры Іванюк, нападнік раней з ахвярамі знаёмы ня быў. Падчас дасьледаваньня ягонага кампутара ды тэлефона выявілася, што «фігурант з выкарыстаньнем старонак у сацыяльных сетках актыўна займаўся прапагандай экстрэмісцкіх дзеяньняў, нацыяналістычнай ідэалёгіі і ўзбуджэньня нацыянальнай і рэлігійнай варажнечы».

Сьледчы камітэт апублікаваў фота свастыкі на руцэ абвінавачанага.

Пінчука будуць судзіць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу — забойства, спроба забойства, распальваньне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варажнечы, выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў, хуліганства.

Абвінавачаны ўзяты пад варту, справа перададзеная ў суд.

Меркаваны забойца дзьвюх жанчын у Бабруйску першае забойства ўчыніў яшчэ падлеткам, кажуць суседзі