Госьць «Інтэрвію тыдня» — палітоляг, галоўны рэдактар часопіса ARCHE Валер Булгакаў. Ён лічыць, што беларускае грамадзтва даўно ня верыць у нейкі іншы варыянт зьмены ўлады, акрамя фізычнага адыходу Аляксандра Лукашэнкі, тлумачыць, чаму беларускага кіраўніка напружваюць размовы пра пераемніка, і заяўляе, што «качка» пра інсульт Лукашэнкі стала помстай з Расеі за 30-дзённы бязьвіз для замежнікаў.
Неверагодна, што адбудзецца дэмакратычная рэвалюцыя
— Гісторыя з «інсультам у Лукашэнкі» паказала і будучыя праблемы з транзытам улады ў Беларусі, і цяперашні стан грамадзтва. Якія вы для сябе зрабілі высновы?
— Гэтая гісторыя паказала, што беларускае грамадзтва ня верыць, што транзыт улады ў Беларусі можа адбыцца якім-небудзь іншым чынам, акрамя фізычнага адыходу дзейнага прэзыдэнта. Яшчэ нават некалькі гадоў таму (ня кажучы пра выбары 2010 году) былі бурныя абмеркаваньні разнастайных сюжэтаў, зьвязаных з транзытам палітычнай улады. Але апошнія гады прынесьлі нам усьведамленьне, што ўсё гэта досыць неверагодна.
Неверагодна, што адбудзецца нейкі палітычны выбух, неверагодна, што адбудзецца дэмакратычная рэвалюцыя, нават неверагодна, што адбудзецца вайсковая інтэрвэнцыя і паглынаньне Беларусі Расеяй ці іншай агрэсіўнай дзяржавай. Таму я б сказаў, што цыркуляцыя чутак вакол здароўя кіраўніка дзяржавы ня надта нэгатыўна афарбаваная для дзейнай улады. Бо яна нясе нейкую такую падсьвядомую і ірацыянальную перакананасьць, што калі нешта ў Беларусі з палітычнай уладай адбудзецца, то толькі ў выніку аслабленьня здароўя і фізычнага скону Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.
Аляксандра Лукашэнку здаўна вельмі напружвалі размовы пра пераемніка
— А варыянт «пераемніка», які раней таксама даволі актыўна абмяркоўваўся як ці не апошняя надзея на транзыт улады, — ён ужо фактычна сышоў ці яшчэ застаецца ў запасе?
— Аляксандра Лукашэнку здаўна вельмі напружвалі размовы пра пераемніка. Я прыгадваю простыя пытаньні ў лоб журналістаў, якія задаваліся Лукашэнку ў сувязі зь пераемнікам — і яны яго накручвалі, ён досыць агрэсіўна на іх адказваў. І апошнія гады Лукашэнка пусьціў жарт, што «пераемнікам» будзе ягоны сын Мікалай, і мэдыі і аналітычная супольнасьць сталі гэтую тэму абмяркоўваць. Хоць, па-мойму, гэта самы непрыхаваны і недвухсэнсоўны жарт, і абмяркоўваць няма чаго.
Сама па сабе гэтая інфармацыйная нагода, пра якую мы гаворым, ніяк ня тычыцца рэальнай прапрацоўкі гэтай тэмы. Гэта ня больш як спэкуляцыі, якія ўспыхваюць у мэдыя і аналітычнай супольнасьці апошнія 20 гадоў. Пытаньне пра пераемніка абмяркоўваецца прынамсі ад пачатку 2000-х гадоў.
«Незыгарь» — гэта сур’ёзна? Што гэты канал пісаў пра Беларусь і што з таго падобна да праўды
На мой погляд, з добрай волі Лукашэнка ня будзе прызначаць сабе пераемніка. Зварот да гэтай тэмы можа адбыцца пры нейкіх спэцыфічных акалічнасьцях — радыкальная страта здароўя ці нейкія іншыя абставіны, якія пакуль не назіраюцца.
Адыход Лукашэнкі, безумоўна, будзе азначаць хаос, вакуўм і пэўныя непрадказальныя працэсы
— Падчас гэтай інсультавай гісторыі некаторыя апанэнты Лукашэнкі выказвалі занепакоенасьць і трывогу ў стылі: «А што, калі будзе горш?» Па-вашаму, гэта абгрунтаваныя перасьцярогі ці проста варыянт «стакгольмскага сындрому»?
— Яны адначасова і абгрунтаваныя, і беспадстаўныя. Беспадстаўныя таму, што інфармацыйная нагода была высмактаная з пальца, гэта інфармацыйная бурбалка, якая ня мела нічога супольнага са словам «інсульт».
Што тычыцца абгрунтаванасьці гэтых страхаў — то так, безумоўна, Беларусь — нестабільная палітычна краіна, дзе грамадзтва вельмі разнароднае, дзе суіснуюць і часам знаходзяцца ў варожых стасунках розныя палітычныя, культурныя і нацыянальныя ідэнтычнасьці, дзе грамадзкі кансэнсус часта ідзе ня зьнізу, ад салідарных грамадзянаў, а навязваецца зьверху рэжымам і дзяржавай.
Таму адыход Лукашэнкі, безумоўна, будзе азначаць хаос, вакуўм і пэўныя непрадказальныя працэсы. Але казаць пра гэта ў ліпені-жніўні 2018 году — гэта, на мой погляд, ня больш як маніпуляцыя ці спэкуляцыя.
— Паведамленьне пра «хваробу» Лукашэнкі прыйшло з Расеі, з тэлеграм-каналу, які даволі моцна зьвязаны з афіцыйным інфармацыйным агенцтвам ТАСС. Такія «выкіды» пачасьціліся апошнім часам. Ці азначае гэта, што такія інфармацыйныя атакі на Аляксандра Лукашэнку і ягонае атачэньне з усходняга боку будуць узмацняцца? Ці можна гэта зьвязваць з палітычнымі кампаніямі, якія адбудуцца ў 2019–20 годзе — парлямэнцкімі і прэзыдэнцкімі выбарамі?
— Я б ня зьвязваў гэтага з будучымі палітычнымі кампаніямі. На мой погляд, гэта тлумачыцца палітычнымі рашэньнямі, якія прыняў Лукашэнка непасрэдна цяпер. Найперш маецца на ўвазе павелічэньне бязьвізу да 30 дзён фактычна для грамадзянаў краінаў Захаду.
У той час як Расея будуе сабе імідж абкладзенай злоснымі ворагамі крэпасьці, фартэцыі — Лукашэнка дэманструе беспрэцэдэнтную ў найноўшай гісторыі Беларусі адкрытасьць Захаду. На беларускіх рэсурсах была інфармацыя пра спробы поўнага блякаваньня транзыту замежнікаў з 1 жніўня, хоць яны і насілі супярэчлівы характар, і пасьля ўстаноўку «нікога не пускаць» скасавалі.
Я расцэньваю гэта як дробную помсту Масквы за працяг нармалізацыі адносінаў Беларусі і Захаду. І гэты крок, бязьвіз на 30 дзён, мае вялікае палітычнае гучаньне і будзе ацэнены палітычнымі элітамі як на Захадзе, так і на Ўсходзе.