Берасьцейскія дарожнікі выйгралі тэндэр на рамонт дарог ва Ўкраіне

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Кошт праекту ў Ровенскай вобласьці, які будзе рэалізоўваць беларуская кампанія, — 10 мільёнаў даляраў.

Дарожна-будаўнічы трэст № 4 Берасьця выйграў ва Ўкраіне тэндэр на правядзеньне капітальнага рамонту 6-кілямэтровага ўчастку дарогі Ўстылуг — Луцк — Роўна. Кошт прац, якія маюць быць выкананыя да 31 сьнежня 2019 году, складае амаль 290 мільёнаў грыўняў (больш як 10 мільёнаў даляраў у эквіваленце).

Беларускія дарожнікі прапанавалі на аўкцыёне найменшы кошт працаў — першапачаткова ён быў вызначаны на ўзроўні 338 мільёнаў грыўняў (больш за 12 мільёнаў даляраў). У публічных таргах, апроч беларускага прадпрыемства, бралі ўдзел і дзьве ўкраінскія кампаніі.

Яшчэ ў адным тэндэры (бягучы сярэдні рамонт 3 кілямэтраў дарогі на Валыні) берасьцейская кампанія таксама прапанавала найменшы кошт прац у параўнаньні з аналягічнымі ўкраінскімі прадпрыемствамі — 12,8 мільёна грыўняў зь першапачатковых 13,8 мільёна (у эквіваленце адпаведна 470 і 510 тысяч даляраў). Але пасьля вывучэньня дакумэнтацыі прапанову берасьцейскага прадпрыемства адхілілі. Пераможца гэтага аўкцыёну пакуль не абвешчаны — працягваецца працэдура абскарджваньня.

Ад 2017 году ва ўкраінскіх тэндэрах на рамонт і будаўніцтва дарог актыўна ўдзельнічаюць два беларускія прадпрыемствы — дарожна-будаўнічы трэст № 4 Берасьця і дарожна-будаўнічы трэст № 2 Гомля.

Сёлета ў траўні гомельскія аўтадарожнікі трапілі ў лік фіналістаў міжнароднага тэндэру на капітальны рамонт аўтамабільнай дарогі М-01 (Новыя Ярылавічы — Чарнігаў — Кіеў) у межах Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей. Гэты праект будзе прафінансаваны Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця і Эўрапейскім інвэстыцыйным банкам. У конкурсе бяруць удзел 13 замежных кампаній і ніводнага прадпрыемства з Украіны. Цяпер тэндэрная камісія вывучае дакумэнты ўсіх удзельнікаў, каб абвясьціць пераможцу тэндэру.

Новае для беларускіх турыстаў, якія едуць ва Ўкраіну. 13 парад