2 жніўня ў Беларусі і шэрагу постсавецкіх краін адзначаецца Дзень паветрана-дэсантных войскаў (ПДВ) — сьвята, якое засталося ў спадчыну ад СССР.
Традыцыйна ў гэты дзень адбываецца ўшанаваньне памяці палеглых у Аўганістане дэсантнікаў — на Востраве сьлёз у Траецкім прадмесьці Менску; пазьней саслужыўцы зьбіраюцца ў кавярнях і парках. Не абыходзіцца без купаньня ў фантанах і сутычак зь міліцыяй.
Гісторыя ПДВ бярэ свой пачатак 2 жніўня 1930 году — тады на вучэньнях Маскоўскай вайсковай акругі пад Варонежам упершыню скокнула з парашутамі падразьдзяленьне дэсантнікаў.
Культ блакітных бэрэтаў і цяльняшак быў міталягізаваны значна пазьней, падчас кадэнцыі на пасадзе камандзіра паветрана-дэсантных войскаў СССР генэрала арміі Васіля Маргелава, які быў этнічным беларусам.
2 жніўня 2007 году ва Ўзброеных сілах Беларусі адбылася рэарганізацыя: замест паветрана-дэсантных войскаў былі ўтвораныя Сілы спэцыяльных апэрацый. Фармальна яны лічацца пераемнікамі ПДВ і спэцназу ГРУ СССР.