Мастацтва адпачынку: адказы і парады.
Аляксей Хацкевіч — мастак, аўтар і ўдзельнік шэрагу мэдыяпраектаў, сярод якіх «Саша і Сірожа», «Тэлепанк», Д. А. Р (дэкаратыўна-абстрактны рэалізм). Нарадзіўся ў 1972 годзе ў Менску ў сям’і мастака Генадзя Хацкевіча. Жанаты, мае чацьвярых дзяцей. Скончыў Рэспубліканскі каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка і аддзяленьне манумэнтальнага жывапісу Беларускай акадэміі мастацтваў. Цягам 1997-1999 гадоў вучыўся ў Школе мастацтваў Масана ў Барсэлёне. Ад 2008-га — сябра Саюзу мастакоў Беларусі. Цяпер працуе мастаком-дэкаратарам у Нацыянальным акадэмічным тэатры опэры і балету.
Як вы праводзіце гэтае лета?
Лета — час асаблівы, яго чакаеш як Новы год. Усе адказна рыхтуюцца: хтосьці новыя татуіроўкі робіць, нехта вагу скідвае. Я найбольш люблю праводзіць лета зь сям’ёй на моры і каб яшчэ зь відам на горы. Але калі фінансава не хапае на добрае мора (паганы сэрвіс і брудная вада не цікавіць), можна добра адпачыць і ў Беларусі. Дзякуючы глябальнаму пацяпленьню, умовы ўсё лепшыя. Беларускае лета ўжо падобнае на зіму ў Камбоджы — вільготна і цёпла. Як вынік, багацьце ўсяго — сьліў, груш, яблык, грыбоў, ягад. Таму і адпачываеш, і вітамінаў назапашваеш. Ну і камароў, канечне, пакорміш, трэба ж і ім «перакусіць».
Наогул калі бракуе на дарагі адпачынак, найлепш сплавіцца па рацэ. Ёсьць фірмы, якія арганізуюць сплаў на 3-5 дзён, цалкам хапае. Процьма ўражаньняў, з вады навакольная рэчаіснасьць успрымаецца ня так, як зь берага. Плюс на прывале пад дубком самагоначка, яечка, сальца. Прыгажосьць! Адпачываеш настолькі, што дзічэеш, людзей у мэтро шугаесься.
Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?
Зараз, канечне, моры цікавейшыя. У маім дзяцінстве, як і шмат у чыім, мора было савецкае — з прымітыўнымі пляжамі, бітком забітымі целамі працоўных. Таму больш згадваецца не дзіцячы ўзрост, а ўжо тынэйджарскі.
Калі мы жылі на лецішчы, недалёка было сваё мора — Менскае. Па вечарах там палілі вогнішчы. Што хаваць, і па суседзкіх садах лазілі — у кагосьці калацілі першыя салодкія яблыкі, у кагосьці вішні. А бліжэй да 16 гадкоў ужо і віно спрабавалі, тады яшчэ яно было натуральнае, не цяперашняя хімія. Як кажуць, суцэльная «дзьвіжуха».
Што вы заўсёды бераце з сабой?
Калі еду на мора з жонкай і дзецьмі — гэта, безумоўна, адна гісторыя. Сям’я вялікая, у дарозе патрэбна шмат чаго. Але сам па сабе я чалавек вельмі непераборлівы, мне цалкам дастаткова спальніка і банкаўскай карткі, усюды буду сябе адчуваць выдатна. І як падарожнічаць аднаму, то ёсьць краіны, дзе і на пляжы можна паспаць, і дзесьці ў парку, і ў сьціплым гостэле. Дастатковая колькасьць вандроўнікаў жыве менавіта так. Дзікуном і са спальнікам — гэта наогул мой улюблёны адпачынак.
Ці адключаеце тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?
Я ня моцна інтэрнэт-залежны. Канечне, добра, калі ёсьць сувязь, каб падзяліцца ўражаньнямі пра свой адпачынак. Але калі няма, таксама някепска, прынамсі спакойна. Прынамсі я не бядую. Пойдзеш у кавярню, ёсьць wi-fi, падключыўся, паглядзеў, што ў сьвеце адбываецца, і выключыўся. А каб выстаўляць і Інстаграме свой заморскі сьняданак і на якую гару залез — такога няма. Увогуле хваліцца сваёй круцізной — ня вельмі добрая якасьць.
Што дазваляеце сабе ў адпачынку, чаго ня робіце звычайна?
Калі адпачываеш, то і абавязкаў меней. Зноў жа, калі зь дзецьмі, галоўная задача — зрабіць так, каб было добра сям’і. Калі ж у паездцы адзін, магу цэлы дзень нічога не рабіць, праваляцца на пляжы. А надакучыць — пайсьці хоць у горы, хоць на дэгустацыю мясцовых прысмакаў ды напояў. У такім выпадку адчуваеш сябе больш свабодна — у добрым сэнсе слова.
Ваша парада на адпачынак
Турагенцтва, несумненна, дапамагае, асабліва з афармленьнем дакумэнтаў, але гэта толькі пасярэднік. Тэхналёгіі дазваляюць самаарганізаваць адпачынак бяз пераплаты — дыстанцыйна знайсьці жыльлё, набыць квіток. Магчыма, камусьці і падабаецца хадзіць натоўпам на экскурсіі, я люблю індывідуальны падыход.
Люблю разглядаць краіны, дзе апрыёры камфортна. Напрыклад, Чарнагорыя — нядорага, усе цябе разумеюць, ня важна, па-беларуску гаворыш, па-польску ці па-расейску. І не патрэбныя ніякія турфірмы, бо на месцы здаюцца і пакоі, і кватэры, куча танных экскурсій і г. д.
Адным словам, браць напракат машыну, езьдзіць, глядзець, рухацца. Меней баяцца, бо ў любым разе вы там ня згінеце, ніхто памерці ня дасьць. Затое ўражаньняў хопіць на год наперад. Чым больш зарадзіцеся пазытыўнай энэргіяй, тым лягчэй будзе перажыць нашу шэрую, халодную, мокрую восень. Таму пажаданьне адно: купацца, прымаць сонечныя ванны, піць віно, есьці морапрадукты. Кайфаваць!