У Маскве надрукавалі першы дапаможнік па вывучэньні беларускай мовы ў сэрыі навучальных чытанак па мэтадзе Ільлі Франка.
Для гэтага на расейскую пераклалі зборнік апавяданьняў Людмілы Рублеўскай «Старасьвецкія міты гораду Б*». Для вокладкі скарысталі малюнак Напалеона Орды.
Фрагмэнт тэксту дапаможніка апублікавалі тут.
«Да мяне зьвярнуліся праз інтэрнэт, папрасілі дазвол на тое, каб выкарыстаць мае апавяданьні для праекту. Яны пісалі мне, што выдалі падручнікі ўжо больш чым на васьмі дзясяткаў моў. Бяруць тэксты чытэльныя, займальныя — Толкіена, Дыкенса, По», — распавяла Свабодзе Рублеўская.
Як працуе мэтад навучальнага чытаньня?
Мастацкія творы чытаюцца адразу на дзьвюх мовах — спачатку сказ на адной, пасьля на іншай.
Апавяданьні пераклала на расейскую Людміла Фірсава зь Берасьця. Рублеўская кажа, што сьпісвалася зь перакладчыцай, каб абмеркаваць асобныя моманты. Маўляў, для навучальнага чытаньня трэба перакладаць кожнае слова.