Чатыры відавочныя, але ад таго ня менш сумныя высновы з гісторыі з «інсультам», які перанёс хутчэй ня сам пэрсанаж, а ўсе беларускае грамадзтва.
Па-першае, «інсульт» Лукашэнкі чарговы раз (але гэтым разам надзвычай красамоўна) паказаў, што для многіх беларусаў любыя спадзевы на перамены ў краіне ўвасобіліся толькі ў адным варыянце — фізычным адыходзе дзейнага кіраўніка. Калі ў 90-я ў размовах «на кухнях» яшчэ шэптам гаварылі пра таямнічага «снайпэра», то цяпер многім апанэнтам Лукашэнкі засталося спадзявацца толькі на ягонае кепскае здароўе.
Заўважце, як хутка скончыліся размовы пра тое, ці пойдзе Лукашэнка на эканамічныя і палітычныя рэформы, якія асабліва актыўна вяліся адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году. Усё, даўно ўжо ніхто не абмяркоўвае ніякіх «рэформаў». Нават размовы пра «пераемніка» сьціхлі — усе зразумелі, што пакуль цяперашні кіраўнік жывы і адносна здаровы, пра пераемніка (нават з тым самым прозьвішчам) можна не задумвацца.
Па-другое, гісторыя з «інсультам» ярка асьвятліла юрыдычныя і арганізацыйныя праблемы з «транзытам» улады. Як вядома, кіраўнік ураду ажыцьцяўляе прэзыдэнцкія паўнамоцтвы ў выпадку вакансіі пасады прэзыдэнта ці немагчымасьці выкананьня ім сваіх абавязкаў. Я калісьці пісаў, што пасьля некалькіх прэм’ераў, якіх актыўна сваталі ў пераемнікі (напрыклад, Сяргея Сідорскага), Лукашэнка невыпадкова прызначыў кіраўніком ураду Андрэя Кабякова, які нарадзіўся не ў Беларусі, а таму паводле Канстытуцыі ня можа вылучацца на выбарах у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты, бо не зьяўляецца «грамадзянінам паводле нараджэньня». Карацей кажучы, Кабякоў — той прэм’ер, у якога няма ніякага асабістага інтарэсу жадаць, каб крэсла прэзыдэнта раптам вызвалілася.
Па-трэцяе, відавочна, што інфармацыйныя атакі на Лукашэнку і ягонае атачэньне з усходняга боку ўзмацняцца. Пакуль нельга казаць пра шырокамаштабную інфармацыйную вайну, але ўжо можна назваць гэта партызанскімі апэрацыямі — бо вядуцца яны не часткамі рэгулярнай інфармацыйнай арміі, а дывэрсійнымі атрадамі кшталту «Незыгаря». Адкуль вынікае, што выбары 2019-20 году ня будуць для Лукашэнкі просьценькай фармальнай прагулкай, як у 2015-м. І тэма здароўя, альбо «здароўя» кіраўніка Беларусі стане адной з самых зручных для атак на яго з самых розных бакоў.
Чацьвёртае. Нават апанэнты Лукашэнкі настолькі ўжо звыкліся зь ягоным існаваньнем, што ў іх узьнікае (магчыма, і заканамернае, але, на маю думку, даволі недарэчнае) пытаньне «А што будзе без яго? А раптам будзе горш? А раптам нас Расея захопіць?»
А што — з Лукашэнкам пагрозы «захопу» няма? Ці так — пры Лукашэнку Расея ў Беларусі не ўсё яшчэ «захапіла»? Аб’ектыўная рэальнасьць і ўся палітыка апошніх 20 гадоў сьведчаць, што цяперашні кіраўнік Беларусі хутчэй адпавядае формуле «пагроза сувэрэнітэту», а не «гарант сувэрэнітэту».
Ну і наконт «а раптам стане горш».. Ніхто ж не адмаўляе — можа стаць і горш. Усё ад нас саміх залежыць. Але ж тут такая дыялектыка — без Лукашэнкі можа атрымацца па-рознаму: і горш, і лепш. А з Лукашэнкам ніякіх варыянтаў няма. Толькі далейшая стагнацыя.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.