У газэце Washington Post паведамляецца, што амэрыканскія выведныя службы бачаць прыкметы будаўніцтва новых ракет у Паўночнай Карэі.
Спасылаючыся на супрацоўнікаў выведкі, якія выступалі на ўмовах ананімнасьці, газэта піша, што Паўночная Карэя, імаверна, будуе сама меней адну, а магчыма, дзьве ракеты ў буйным дасьледчым цэнтры Санумдонг.
Washington Post піша, што новыя сьведчаньні, уключаючы спадарожнікавыя фота, паказваюць на тое, што гаворка ідзе пра міжкантынэнтальныя балістычныя ракеты на вадкім паліве, якія будуюцца на заводзе, дзе стваралася першая такая ракета, здольная дасягнуць тэрыторыі ЗША.
Выданьне адзначае, што новыя выведныя зьвесткі не азначаюць, што Паўночная Карэя пашырыла свой патэнцыял, а хутчэй сьведчаць пра тое, што яна працягвае працаваць над стварэньнем перадавых відаў узбраеньняў празь некалькі тыдняў пасьля саміту прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына ў Сынгапуры.