Дакумэнт таксама прадугледжвае санкцыйныя паслабленьні для краінаў, якія жадаюць перайсьці з расейскіх узбраеньняў на амэрыканскія.
Палата прадстаўнікоў ЗША прыняла законапраект аб выдатках на абарону на агульную суму 716 мільярдаў даляраў, піша «Голас Амэрыкі». Законапраект, які яшчэ павінен атрымаць ухваленьне Сэнату, быў прыняты палатай 359 галасамі супраць 54. Бюджэт яшчэ ня ўхвалены канчаткова — яго мае зацьвердзіць Сэнат і падпісаць прэзыдэнт.
Белы Дом вітаў прыняцьце законапраекту, асабліва адзначыўшы важнасьць павышэньня заробкаў вайскоўцам.
Каму што дадуць Штаты, калі ўхваляць такі бюджэт
Дакумэнт, у прыватнасьці, прадугледжвае выдаткі ў 250 мільёнаў даляраў на аказаньне вайсковай дапамогі Ўкраіне, у тым ліку летальнай зброяй.
Праект бюджэту таксама падтрымлівае запыт прэзыдэнта Дональда Трампа аб выдаткаваньні 6,3 мільярда даляраў на Эўрапейскую ініцыятыву стрымліваньня з мэтай «далейшага павелічэньня колькасьці амэрыканскіх войскаў у Эўропе» і «стрымліваньня расейскай агрэсіі».
Дакумэнт таксама прадугледжвае фінансаваньне плянаў адміністрацыі прэзыдэнта Трампа ў распрацоўцы боегалоўкі для балістычных ракетаў малой магутнасьці, накіраванай на стрымліваньне Расеі.
Законапраект уводзіць заахвочвальныя захады для краінаў, гатовых купляць амэрыканскае ўзбраеньне замест расейскага.
Купляйце амэрыканскае
Згодна з законапраектам, краіны, якія закуплялі расейскую зброю, але цяпер хочуць пераключыцца на амэрыканскае, могуць разьлічваць на тое, што супраць іх ня будуць уведзеныя санкцыі ЗША.
Гэтае палажэньне было ўключана ў законапраект у па просьбе міністра абароны Джэймса Мэтыса, каб зрабіць выключэньне зь леташняга закону аб санкцыях супраць тых, хто супрацоўнічае з расейскай абароннай прамысловасьцю.
Мэтыс пісаў Кангрэсу, што хоць «Расея павінна адчуць на сабе наступствы сваіх агрэсіўных, дэстабілізуючых паводзінаў», «вельмі важна» падаць дзяржсакратару рабіць выключэньні з рэжыму гэтых санкцыяў, бо іначай у гэтых краінаў «ня будзе іншага выбару, акрамя як зьвярнуцца да Расеі». У якасьці прыкладу Мэтыс адзначыў Індыю, Віетнам і Інданэзію.
У межах новых паўнамоцтваў закупкі новай тэхнікі, напрыклад, расейскіх зэнітных ракетных комплексаў С-400, могуць прывесьці да ўвядзеньня санкцыяў, у той час як для работы па абслугоўваньні старых узбраеньняў або закупкі запчастак для верталётаў расейскай вытворчасьці можа быць зробленае выключэньне. Каб Штаты зрабілі такія выключэньні, краіна яшчэ мае даказаць, што значна зьнізіла залежнасьць ад Расеі ці значна павялічыла супрацоўніцтва з ЗША.
Сярод іншых палажэньняў законапраект забараняе пастаўкі зьнішчальнікаў F-35 у Турэччыну. Улады ЗША папярэджвалі Анкару, што расейская сыстэма супрацьракетнай абароны, якую яна плянуе купіць, не можа быць інтэграваная ў сыстэму NATO.