«Рэпартэры бязь межаў» выказалі заклапочанасьць пагрозамі супраць рэдактаркі «Хартыі-97»

Натальля Радзіна

Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» выказала занепакоенасьць пагрозамі жыцьцю беларускай журналісткі Натальлі Радзінай, якая жыве ў Польшчы. У заяве ад 26 ліпеня «Рэпартэры бязь межаў» заклікалі польскія ўлады «прыняць усе неабходныя меры, каб абараніць журналістку».

Радзіна, якая зьяўляецца рэдактаркай сайту «Хартыя-97» (Charter97.org), крытычнага ў адносінах да беларускіх уладаў, 22 ліпеня апублікавала электронны допіс з пагрозамі жыьцю і абразамі, які прыйшоў на яе адрас. Яна расказала «Рэпартэрам бязь межаў», што ўпэўненая – допіс даслалі зь Беларусі.

Сёлета 24 студзеня Міністэрства інфармацыі без папярэдняга паведамленьня выдала распараджэньне заблякаваць у Беларусі сайт Charter97.org.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, прычынай блякаваньня «Хартыі» сталі публікацыі, якія могуць «нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», артыкулы з пазначэньнем даты і месца яшчэ не дазволеных акцый пратэсту і распаўсюд інфармацыі з рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі.

19 красавіка 2018 году Палата прадстаўнікоў ухваліла зьмены ў закон аб СМІ, якія павялічваюць кантроль дзяржавы за мэдыяпрасторай і інтэрнэтам у Беларусі.

«Адбываецца канчатковая зачыстка свабоды слова ў Беларусі». Натальля Радзіна пра блякаваньне сайту «Хартыя-97»

7 прычынаў, чаму немагчыма цалкам заблякаваць «Хартыю» і «Партызан»