Беларускія ўладальнікі аўтамабіляў на электрычнай цязе правялі сход у Менску, каб зьвярнуць увагу ўладаў на праблемы, зь якімі яны сутыкаюцца ў Беларусі. Пра што казалі электрамабілісты і як на іхнія прэтэнзіі рэагуюць улады, высьвятляла Свабода.
Чаго патрабуюць ад уладаў гаспадары электрамабіляў
- Не прывязваць зарадныя станцыі да заправак «Беларуснафты», ахопліваць спальныя раёны, паркоўкі, грамадзкія месцы.
- Дазволіць фізычным асобам легалізаваць вынасныя разэткі ў шматкватэрных дамах, ставіць калёнкі ў дварах.
- Скасаваць сплату мыта, падаткі і зборы, якія складаюць траціну ці нават палову кошту аўта і стрымліваюць увоз электракараў.
- Спрасьціць пастаноўку на ўлік ДАІ аўтамабіляў на электрычнай цязе, адмяніць патрабаваньне даведкі аб «бясьпецы канструкцыі».
- Зьнізіць тарыфы (асабліва начныя) на электраэнэргію для электратранспарту, распрацаваць канцэпцыю яе адраснага разьмеркаваньня з уводам БелАЭС.
Што адказалі ў міністэрствах і канцэрнах, адказных за электрамабілізацыю. І што хаваюць
Адказы на пытаньні, узьнятыя ўладальнікамі электрамабіляў, Свабода паспрабавала атрымаць у профільных ведамствах.
Мінантыманапрэгіг! Тэст пра беларускія міністэрствы
- Міністэрства энэргетыкі: праграма арганізацыі сеткі зарадных станцый і пастаўкі адпаведнага абсталяваньня ўскладзеная на «Белнафтахім», адпаведна, павелічэньне колькасьці пунктаў сілкаваньня — у кампэтэнцыі канцэрну.
- У «Белнафтахіме» паправілі калегаў зь Мінэнэрга: насамрэч апэратар дзяржаўных электразаправак — «Беларуснафта». У сваю чаргу, на гэтым прадпрыемстве папрасілі даслаць на пошту пытаньні ў пісьмовым выглядзе і чакаць адказу ў вызначаны законам тэрмін.
- Што тычыцца тарыфаў на электрычнасьць, у тым ліку пасьля ўвядзеньня першага энэргаблёку БелАЭС, то ў Мінэнэрга заявілі, што ад нядаўняга часу гэта прэрагатыва Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ).
- МАРГ ня стаў тлумачыць сваю афіцыйную пазыцыю, пагадзіўшыся разглядаць пытаньні толькі ў электронным выглядзе.
- Дзяржаўны мытны камітэт заявіў, што агульныя тарыфы вызначаюцца ў рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу, дзе ўсе адлічэньні, у тым ліку мыта, акцызы, зборы аднолькавыя для ўсіх чальцоў інтэграцыйнага аб’яднаньня.
- Даведацца пазыцыю Міністэрства падаткаў і збораў не ўдалося, бо «інфармаваныя асобы» ў плянавым адпачынку.
Сход электрамабілістаў каля зараднага «грыбка»
У мінулыя выходныя два дзясяткі амэрыканскіх Chevrolet Volt і іх эўрапейскі аналяг Opel Ampera прыпаркаваліся на пляцоўцы каля гіпэрмаркета «Эўраопт» пры менскай кальцавой дарозе. Месца збору абралі не выпадкова: ня так даўно тут зьявілася стацыянарная калёнка для зарадкі электрамабіляў.
«Электраджылі» кідае выклік. Як прыстасаваць Беларусь для электрамабіляў?
Нягледзячы на рэклямную шыльду на фасадзе крамы, самотны зялёны «грыбок» на стаянцы дэманструе стан электрамабілізацыі ў Беларусі: з улікам таго, што сілкаваньне займае 3 гадзіны, чарга да апошняга аўто дойдзе на трэція суткі.
«Гэта ня столькі разьвівае, колькі адбівае жаданьне сюды прыяжджаць, — кажа адзін з кіроўцаў. — Хай адначасова прыедзе нават 5–7 машын, апошняя пачне зараджацца праз суткі — з такімі „порцыямі“ на кожную трэба 3 гадзіны. Таму ў цяперашнім фармаце гэта выглядае больш як зьдзек, чым як дасягненьне».
Дарэчы, абслужыцца самастойна тут немагчыма — трэба яшчэ знайсьці таго, хто выдае зарадны кабэль і ўключае рубільнік.
Электрамабілізацыя Беларусі. Чаму Менск сярод аўтсайдэраў
Першы электрамабіль быў зарэгістраваны ў Беларусі ў 2014 годзе. За мінулы час на такі транспарт пераселі каля сотні кіроўцаў — у масе сваёй людзі, якія маюць уласны дом.
Папулярнасьць электрамабіляў залежыць ад аднаго паказьніку. Што ён кажа пра Беларусь
Паводле веснавых дадзеных (сьвяжэйшай статыстыкі няма), на ўліку ў менскай ДАІ 35 электрамабіляў — мадэлі флягмана галіны амэрыканскай Tesla, японскія Nissan Leaf і Mitsubishi i-MiEV, нямецкі BMW i3 REX і нямецка-швайцарскі Smart ForTwo ды іншыя ў адзінкавых экзэмплярах. Плюс аўто, якія езьдзяць і на электрычнасьці, і на бэнзіне — Chevrolet Volt і Opel Ampera.
Агулам па Беларусі разам з камбінаванымі машынамі колькасьць электрамабіляў не нашмат перавышае дзьве сотні. Для параўнаньня, столькі ж ва Ўкраіне рэгіструюць штомесяц.
Пры ўсёй сваёй зручнасьці, эканомнасьці і экалягічнасьці ў беларускіх умовах электрычны аналяг рухавіка прыносіць масу праблемаў.
«Маё першае разарэньне было, калі за 250 даляраў давялося набыць у гараж пяцікіляватны стабілізатар, — гаворыць кіроўца Алег. — Потым было яшчэ шмат чаго, ня буду нават пералічваць. Нічога ня зробіш: напачатку будзеш укладацца, а ўжо потым разважаць пра перавагу электрапрываду».
Электрамабілі ў Беларусі цяпер можна будзе зараджаць і ад хатняй разэткі
Пачынаючы ад 1 траўня, можна прымяняць электрычны тарыф «аўтамабільны», удвая меншы, чым звычайны. Але, як расказалі ўдзельнікі збору, паставіць асобны лічыльнік каштуе 700 даляраў. За такія грошы на «Тэсьле» рэальна праехаць 70 тысяч кілямэтраў, калі нават лічыць па поўным тарыфе 40 капеек.
20 хуткіх станцый зарадкі ў Беларусі супраць 1000 — у Эстоніі
Беларускія ўлады спадзяюцца, што неўзабаве будзе здадзены першы энэргаблёк БелАЭС. Прагназуецца лішак электраэнэргіі, якую разам з электраплітамі, бойлерамі ды абагравальнікамі маглі б спажываць электрамабілі. Аднак для разьвіцьця адпаведнай інфраструктуры амаль нічога ня робіцца, кажа бізнэсовец Вадзім Шут, які займаецца абслугоўваньнем электрамабіляў.
Ён лічыць абсурдам, што разьвіцьцём у Беларусі сеткі зарадных станцый урад даручыў займацца канцэрну «Белнафтахім» — арганізацыі, якая найменей зацікаўленая ў парушэньні нафтавай манаполіі.
Тым ня меней, новыя электрычныя калёнкі будуць «прывязваць» да АЗС, якія ўжо існуюць. Хоць уладальнікі электракараў перакананыя: лягічней было б ставіць іх у месцах, дзе адрасны кантынгент праводзіць як мінімум 2–3 гадзіны — за такі час батарэя можа папоўніцца на 70–80%. Найперш гэта паркоўкі, вялікія офісныя цэнтры, спальныя раёны.
Інфраструктуры няма, а 5 тысяч «айчынных» электрамабіляў абяцаюць
Сёньня на ўсю Беларусь каля трох дзясяткаў агульнадаступных зарадных станцый. Абсалютная бальшыня — малой магутнасьці і працуе не пастаянна: не заўсёды проста знайсьці адказнага за падачу току. Каб павялічыць дальнасьць прабегу, некаторыя ахвяруюць багажнікам і усталёўваюць дадатковыя батарэі — хоць задавальненьне далёка ня з танных.
Для параўнаньня, у Эстоніі блізу 1000 зарадак, зь іх 110 хуткіх стандарту CHAdeMO, дзе «Тэсла» за паўгадзіны можа «заправіцца» на 300–400 км ходу. Таму пакуль што аптымальны варыянт для беларускіх «электронікаў» — камбінацыя электрыкі і бэнзіну.
Мыта на электрамабілі: ва Ўкраіне — 0, у Беларусі — да 50%
Улады дэкляруюць, што да 2020 году беларускі электрапарк павялічыцца да 10 тысяч адзінак — рост прадугледжаны ўрадавай праграмай укараненьня электратранспарту. Сярод іншага стаўка робіцца на «айчынны аўтапрам» — кітайскія плятформы Geely і Zotye.
Першую ўжо тэставаў віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, другую прасоўвае прыватны бізнэс з разьлікам на дзяржаўны ўдзел.
Але наўрад ці «зьбеларушаным» кітайцам наканавана захапіць рынак — занадта дарагія. Для параўнаньня: калі ўжываныя электрамадэлі «Вольт-Ампера» (3–5 гадоў) стартуюць ад 10–12 тысяч даляраў, то цана «электраджылі» заяўляецца ад 20 тысяч.
Беларускі электрамабіль на кітайскай базе Ілану Маску не канкурэнт
Асобная праблема — уніфікаваныя з Расеяй мыта, падаткі і зборы на электрамабілі. Ад 1 верасьня 2017 году рашэньнем камісіі ЭАЭС скасаваная нулявая стаўка мыта для юрыдычных асобаў. Цяпер пры ўвозе электрамабіляў арганізацыі сплачваюць 17-працэнтную стаўку мытнай пошліны і 20% ПДВ. Разам гэта 37% ад цаны машыны.
Індывідуальныя пакупнікі плацяць у залежнасьці ад узросту аўто: ад 20% мытнага кошту за транспарт 3–5 гадоў і 54% за машыны да 3 гадоў. Плюс 850 рублёў утылізацыйнага збору, 700 рублёў за атрыманьне сэртыфікату бясьпекі канструкцыі. У сярэднім выліваецца больш як у 3000 даляраў за 5-гадовы электракар.
Для параўнаньня, ва Ўкраіне такіх пабораў няма ўвогуле. Як вынік — дзясяткі электрамабіляў, якімі штодня прырастае тамтэйшы рынак. Па тэмпах электрамабілізацыі Ўкраіна выйшла на першае месца ў сьвеце.
Як легалізаваць разэтку для «зялёнага транспарту»
Ня трэба сучасных станцый за 20 тысяч эўра, пастаўце на слупах хоць бы воданепранікальныя разэткі! — зьвяртаюцца да дзяржаўных ведамстваў уладальнікі электракараў.
«Сябра вырашае пытаньне вываду разэткі ў шматкватэрным доме, — кажа кіроўца Аляксей. — Здымак мясцовасьці — 100 даляраў, праект — яшчэ 100. 500 даляраў уклаў і сам усё робіць. А павінна быць: заяўку напісаў, паглядзелі, ухвалілі. Начная энэргія прападае. Дык легалізуйце разэткі: 5 рублёў заплаціў — 5 кіляват узяў. Але такога разуменьня няма. Самі ходзім і ўгаворваем тых, хто гандлюе электраэнэргіяй!»
Прэзыдэнцкі гараж і спадзевы ўладаў на новы від транспарту
Летась Аляксандар Лукашэнка апрабаваў «Тэслу» на трасе. Электрамабіль так яму спадабаўся, што цяпер у прэзыдэнцкім гаражы дзьве такія машыны. Аматары электракараў спадзяваліся, што сыгнал зьверху дасьць штуршок да разьвіцьця, але, на іх думку, на справе нічога не зьмянілася.
Лукашэнка распавёў, як разагнаўся на Tesla да 280 км/гдз. А яна можа толькі 250
Згодна з праграмай разьвіцьця электрамабільнага транспарту ў Беларусі, да 2025 году па дарогах Беларусі будзе перасоўвацца 30 тысяч электракараў, зьявіцца больш за 250 зарадных станцый.
Прадугледжваецца, што краіна будзе эканоміць 50 тысяч тон умоўнага паліва. Акрэсьліваецца неабходнасьць прэфэрэнцый для пакупнікоў: ільготнае крэдытаваньне, дзяржаўныя субсыдыі, адмена збораў, зьніжэньне тарыфаў на электраэнэргію.
Аднак пакуль выглядае на замкнёнае кола: аўтапарк не расьце, бо няма зарадных станцый, а пункты сілкаваньня не будуюць, бо адсутнічае дастатковая колькасьць электракараў.
У выніку бальшыня энтузіястаў прывязаныя да сваіх гаражоў ці прыватных дамоў. І калі гэта ня «Тэсла», ня могуць сабе дазволіць аддаліцца ад разэткі ў радыюсе далей за 50 кілямэтраў.