Трамп заплянаваў праграму падтрымкі фэрмэраў на $12 мільярдаў, — амэрыканскія СМІ

Дональд Трамп, архіўнае фота

Як піша «Голас Амэрыкі», адміністрацыя прэзыдэнта Злучаных Штатаў гатовая ўжыць праграму падтрымкі фэрмэраў на 12 мільядаў даляраў.

Прэзыдэнт Дональд Трамп гатовы ўжываць тарыфы як галоўную зброю ў гандлёвым канфлікце. Паводле CNBC, такія намеры пацьвердзіў дзяржаўны сакратар сельскай гаспадаркі.

Вашынгтон у чэрвені ўвёў мыты на імпарт кітайскіх тавараў. Пэкін адказаў аналягічнымі мерамі. Адначасова Трамп папярэдзіў, што можа ў рэшце рэшт увесьці мыты на імпарт кітайскіх тавараў коштам больш за 500 мільярдаў даляраў — гэта амаль увесь абʼём кітайскага экспарту ў ЗША ў 2017 годзе.

Адзін з галоўных аргумэнтаў Белага дому — цяперашні гандлёвы дысбалянс з Кітаем. Зрэшты, шэраг амэрыканскіх эканамістаў мяркуюць, што ён можа быць нават на карысьць ЗША.

На думку Дона Бадро, прафэсара эканомікі ўнівэрсытэта Джорджа Мэйсана, у выпадку са Злучанымі Штатамі гандлёвы дэфіцыт — гэта хутчэй сымптом, які сьведчыць аб посьпеху.

«Замежнікі лічаць Амэрыку выдатным месцам для інвэстыцыяў. Ды каб інвэставаць, патрэбныя даляры. Каб назапасіць гэтыя даляры, яны купляюць менш амэрыканскага экспарту. Вось чаму наш гандлёвы дэфіцыт добры, — тлумачыць прафэсар Бадро. — Даляры не застаюцца за мяжой, яны не захоўваюцца ў матрацах, а вяртаюцца ў Амэрыку ў якасьці інвэстыцыяў.

Чаму мы павінны быць незадаволеныя, калі замежнікі хочуць інвэставаць у нас? Мы павінны ганарыцца гэтым. Інвэстыцыі дапамагаюць нашай эканоміцы».

Арганізаваная ў Белым доме выстава-прэзэнтацыя «Зроблена ў Амэрыцы» была задуманая як вітрына посьпехаў эканамічнай палітыкі дзейнай адміністрацыі. На ёй прадстаўленая прадукцыя кожнага са штатаў — ад цукерак і пастак для крабаў да падковаў і касьмічных скафандраў.

Як заявіў прэзыдэнт Трамп на адкрыцьці выставы,«пасьля многіх гадоў спаду амэрыканская вытворчасьць вяртаецца ў краіну больш і лепш, чым калі-небудзь раней». Ён сказаў, «мы назіраем за вялікім эканамічным адраджэньнем у ЗША».

Сайман Лестэр з цэнтру дасьледаваньняў інстытуту Катона лічыць, што выстава паказвае, наколькі памылковая гандлёвая палітыка прэзыдэнта Трампа.

«Ён змагаецца за вяртаньне вытворчасьці ў Злучаныя Штаты, і ў той жа час праводзіць прэзэнтацыю, на якой паказвае ўсім, колькі ўсяго вырабляецца ў ЗША, — лічыць Лестэр. — Гэтая прэзэнтацыя проста ілюструе, што нашая гандлёвая палітыка ідзе ў няправільным кірунку».

Амэрыканскія СМІ спасылкай на крыніцы ў Белым доме паведамляюць, што адміністрацыя празь Міністэрства сельскай гаспадаркі гатовая ажыцьцявіць мільярдныя выплаты фэрмэрам, а таксама скарыстацца двума праграмамі падтрымкі сыравіннага сэктару ў межах законапраекту, што разглядаецца ў Кангрэсе.