Альбанія, Грузія, Нарвэгія, Украіна і Чарнагорыя ўсьлед за Эўразьвязам працягнулі санкцыі ў дачыненьні Расеі з прычыны анэксіі Крыму. Санкцыі будуць дзейнічаць да 23 чэрвеня 2019 году.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным на сайце Эўрапейскай Рады.
Абмежавальныя захады тычацца толькі тэрыторыі паўвострава і Сэвастопаля. Санкцыі забараняюць імпарт тавараў з анэксаванага рэгіёну і экспарт туды прадукцыі і тэхналёгій у сфэры транспарту, тэлекамунікацый і энэргетыкі.
Фізычныя асобы і кампаніі, зарэгістраваныя ў краінах, якія далучыліся да санкцый, ня маюць права інвэставаць у эканоміку Крыму і Севастопаля.
Расея анэксавала Крым у 2014 годзе пасьля рэфэрэндуму, які быў праведзены насуперак заканадаўству Украіны, і пасьля таго, як паўвостраў ўзялі пад кантроль расейскія вайскоўцы.
Кіеў і краіны Захаду лічаць гэта парушэньнем нормаў міжнароднага права і ўвялі да Расеі санкцыі. Масква называе анэксію паўвострава «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».