У Сэнат ЗША унесены законапраект аб санкцыях супраць інвэстараў «Паўночнага патоку – 2»

Ілюстрацыйнае фота

Аўтар законапраекту, сэнатар Бараса, заявіў, што Пуцін выкарыстоўвае прыродны газ для вымаганьня і пагроз у адрас амэрыканскіх партнэраў.

Рэспубліканскі сэнатар Джон Бараса ўнёс законапраект, які прадугледжвае абавязковае ўвядзеньне санкцый ЗША супраць удзельнікаў праекту будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток – 2», які ўзначальвае Расея.

Ён растлумачыў, што хоча даць чальцам NATO магчымасьць ухіліцца ад дзеяньняў Масквы, якія ён ахарактарызаваў як палітычны прымус і маніпуляцыі.

Сэнатар Джон Бараса

Як адзначыў сэнатар, законапраект аб супрацоўніцтве ў галіне бясьпекі з саюзнымі партнэрамі ў Эўропе накіраваны на павышэньне энэргетычнай бясьпекі чальцоў NATO праз стабільныя і надзейныя пастаўкі амэрыканскіх энэрганосьбітаў.

Дакумэнт патрабуе абавязковага ўвядзеньня санкцый супраць праекту газаправоду «Паўночны паток – 2», па якім расейскі прыродны газ будзе пастаўляцца ў Нямеччыну, а таксама іншых расейскіх экспартных трубаправодаў.

Паводле тэксту законапраекту, прадугледжваецца ўвядзеньне санкцый супраць асобаў, якія ажыцьцяўляюць інвэстыцыі ў расейскія праекты ў экспарце энэрганосьбітаў, якія даюць гарантыі для пазык на гэтыя мэты, а таксама ажыцьцяўляюць пастаўку тавараў і паслуг для гэтых праектаў.

«Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выкарыстоўвае расейскі прыродны газ у якасьці інструмэнту для вымаганьня і пагроз у адрас нашых партнэраў, — гаворыцца ў заяве Бараса. — Прапанаваны законапраект адбярэ ў Расеі гэтую геапалітычную зброю праз увядзеньне санкцый супраць газаправоду „Паўночны паток – 2“ і садзейнічаньне павелічэньню экспарту амэрыканскага прыроднага газу нашым саюзьнікам. Улічваючы багацьце прыроднага газу ў ЗША, нам пара выкарыстоўваць амэрыканскія энэргарэсурсы, каб забясьпечыць доўгатэрміновую і надзейную энэргетычную бясьпеку нашых саюзьнікаў».

Суаўтарамі законапраекту сталі рэспубліканскія сэнатары Коры Гарднэр і Стыў Дэйнс.

У заяве, выпушчанай апаратам Бараса, гаворыцца, што Расея «працягвае падрываць мір і бясьпеку ў Эўропе з дапамогай розных мэханізмаў, у тым ліку праз выкарыстаньне энэрганосьбітаў у якасьці геапалітычнай зброі».

Трубаправод «Паўночны паток – 2» зробіць Эўропу больш залежнай ад расейскага газу, падарваўшы дывэрсыфікацыю эўрапейскіх крыніц энэргіі, яе пастаўшчыкоў і маршрутаў дастаўкі, адзначаецца ў заяве.

Старшыня рады дырэктараў «Газпраму» Аляксей Мілер і Ўладзімер Пуцін

Акрамя санкцый, законапраект даручае пастаяннаму прадстаўніку ЗША ў NATO заахвочваць дзяржавы-чальцы NATO да сумеснай працы для дасягненьня энэргетычнай бясьпекі чальцоў і партнэраў альянсу ў Эўропе і Эўразіі.

Дакумэнт заклікае ўрад ЗША распрацаваць комплексную трансатлянтычную стратэгію, накіраваную на павышэньне энэргетычнай бясьпекі саюзьнікаў і партнэраў па NATO і павелічэньня экспарту амэрыканскіх энэрганосьбітаў у гэтыя краіны.

Законапраект таксама патрабуе ад міністра энэргетыкі паскорыць выдачу дазволаў на экспарт прыроднага газу саюзьнікам па NATO, Японіі ды іншым замежным краінам, дзе экспарт газу будзе адпавядаць інтарэсам нацыянальнай бясьпекі ЗША.

Трамп абвінаваціў Нямеччыну ў «залежнасьці ад Расеі»

«Паўночны паток – 2» зьвяжа Расею і Нямеччыну па дне Балтыйскага мора ў абыход транзытных дзяржаў: Украіны, Беларусі, Польшчы ды іншых усходнеэўрапейскіх і прыбалтыйскіх краінаў.

Трубаправод у цэлым паўтарае маршрут «Паўночнага патоку» і пройдзе праз выключныя эканамічныя зоны і тэрытарыяльныя воды пяці дзяржаў: Расеі, Фінляндыі, Швэцыі, Даніі і Нямеччыны.

Яго працягласьць складзе больш за 1,2 тысячы кілямэтраў, прапускная здольнасьць — 55 мільярдаў кубамэтраў газу за год.

Увод у строй «Паўночнага патоку – 2» намечаны на канец 2019 году.