Як не памерці ад суму ў самай паўночнай і маленькай сталіцы сьвету

Рэйк'явік

Майму захапленьню Ісьляндыяй 17 гадоў. Цяжка сказаць, ад чаго яно пачалося і, па сутнасьці, гэта ўжо ня важна. За гэтыя гады я ані разу не пашкадаваў, што абраў такое незвычайнае хобі. Увесь мінулы тыдзень я правёў там. Пра гэтае падарожжа распавяду ў трох блогах.

Ісьляндыя — гэта ня толькі касьмічныя краявіды, якія даводзяць вока да шаленства. Краіна, якая стагодзьдзямі была беднай калёніяй, пэрыфэрыяй, зямлёй, дзе невыносны вецер цягам дня дзясяткі разоў пераходзіць у лівень і сьнегапад (часам адначасова), здолела менш як за паўстагодзьдзя пабудаваць адно з самых эфэктыўных і шчасьлівых грамадзтваў на зямлі ў надзвычай неспрыяльных умовах.

Я і мой добры сябра, лёнданскі айцішнік Каміль, прызямліліся ў адзіным у краіне міжнародным лётнішчы ў Кэфлявіку за 40 кілямэтраў ад Рэйк’явіку. (Дзякуючы танным авіялініям беларусы ў Ісьляндыю могуць даляцець менш чым за 100 эўра — туды і назад — зь віленскага аэрапорту).

Каміль Арэндт і Дзьмітры Гурневіч

Тэрмінал у Кэфлявіку названы ў гонар вікінга Лэйфа Эрыксана, які хрысьціў Грэнляндыю і адкрыў Амэрыку за 500 гадоў да Калюмба. Амэрыканцы пазьней «аддзячылі» ісьляндцам, адкрыўшы іх выспу сьвету. Менавіта амэрыканскае войска пабудавала ў Кэфлявіку падчас ІІ сусьветнай вайны аэрапорт. Ісьляндцы, праўда, неаднаразова пратэставалі супраць прысутнасьці чужога войска на сваёй зямлі. Яны баяліся, што яно стане пачаткам амэрыканізацыі краіны. У ісьляндцаў вельмі трапяткое стаўленьне да ўсяго свайго. Сваё для іх самае ўлюбёнае. І гэта пры амаль поўнай адсутнасьці ксэнафобіі.

Лэйф Эрыксан

Амэрыканізацыі ўсё ж не адбылося. Сёньня шмат хто ў Ісьляндыі перакананы, што менавіта амэрыканская прысутнасьць стала штуршком да разьвіцьця ісьляндзкай эканомікі. Для патрэбаў войска на высьпе будавалі дарогі і стваралі працоўныя месцы. Менавіта дзякуючы гэтай базе Ісьляндыя ў 70-я гады выйграла «трасковую вайну» зь Вялікай Брытаніяй за права лавіць рыбу каля ісьляндзкага ўзьбярэжжа. Рэйк’явік па-майстэрску разыграў Лёндан, пагражаючы зачыніць базу NATO, якая мела вельмі важнае значэньне для Захаду ў «халоднай вайне» з СССР.

Дом «халоднай вайны»

У гісторыі «халоднай вайны», дарэчы, сталіца Ісьляндыі запомніцца як месца, дзе тая вайна фактычна завяршылася. У кастрычніку 1986 году ў доме клясыка ісьляндзкай літаратуры Эйнара Бэнэдыктсана адбылася гістарычная сустрэча паміж Рональдам Рэйганам і Міхаілам Гарбачовым.

Вынік пасьляваеннага пяцідзесяцігодзьдзя стаў для Ісьляндыі надзвычай пасьпяховым. Зь беднай дацкай калёніі напрыканцы вайны Ісьляндыя ператварылася ў адну з самых заможных дзяржаў. А амэрыканскую базу ісьляндцы ліквідавалі ў 2006 годзе. Вось такі нацыянальны геній.

Затока дыму

Менавіта так перакладаецца на беларускую назва ісьляндзкай сталіцы. Так Рэйк’явік назваў нарвэскі вікінг Інгальф Арнарсан, які і пабудаваў тут першае паселішча ў 874 годзе. Пра дым, які пабачыў вікінг, нагадваюць два коміны на цэнтральнай плошчы гораду — Інгальфсторг. Ну як плошча: прастакутнік 20 на 50 мэтраў.

Дзьмітры Гурневіч

На гэтай плошчы славутая забягалаўка з хот-догамі, дзе нібыта сілкаваўся нават сам Біл Клінтан. Аблізваючыся пасьля булкі з сасіскай за 7 даляраў, я пачуў, як касірка з суседняй забягалаўкі, якая прыбегла разьмяняць драбязу, тлумачыла турысту, што Клінтан насамрэч еў хот-дог у іншым месцы - Bæjarins Beztu Pylsur, у сотні зь нечым мэтраў адсюль. Але пані запэўніла, што смак такі ж самы.

Хот-дог за 7 даляраў — ці ня самая танная страва ў Рэйк’явіку. Ісьляндыя — адна з самых дарагіх краінаў сьвету, і плаціць там даводзіцца літаральна за ўсё. Самы танны ўваход у туалет каштуе 2 даляры. Балазе, можна заплаціць карткай. За сьціплы абед зь півам давядзецца заплаціць 35 даляраў.

Турысты ратуюць выспу ад крызысу

У сеціве нямала парадаў наконт бюджэтнага адпачынку ў Ісьляндыі, але нават начуючы па кэмпінгах (што мы і рабілі), не разьлічвайце патраціць менш як 500 даляраў. Грунтоўнае падарожжа па Ісьляндыі каштуе вельмі шмат. Італьянскі настаўнік геаграфіі, якога мы сустрэлі ў Рэйк’явіку, казаў, што марыў пра гэтае падарожжа 20 гадоў.

Адна з цэнтральных вуліцаў Рэйк'явіку

Але статыстыка паказвае, што высокія цэны не палохаюць турыстаў. Яшчэ дзесяць гадоў таму іх на высьпе было менш, чым жыхароў — 200 тысяч. Летась у Ісьляндыю прыехала больш за 2 мільёны турыстаў, столькі ж было сёлета ў чэрвені. Ісьляндцы шчасьлівыя, што замежнікі кампэнсуюць ім страты ад фінансавага крызісу 2008 году, які ўвёў выспу ў дэпрэсію, але і непакояцца за свае вадаспады, гейзэры і горы ад такога наплыву людзей. Муніцыпальныя ўлады мусілі пазакрываць некаторыя трасы, каб захаваць нацыянальны скарб для будучых пакаленьняў ісьляндцаў.

Сонечны вандроўнік. Помнік работы Ёна Гунара Арнасона нагадвае сваімі абрысамі карабель вікінгаў. Увасабляе мару пра неадкрытыя землі, прагрэс і свабоду.

На Рэйк’явік турыстам раяць адвесьці дзень-паўтара. Невялікі, як на эўрапейца, горад са 120 тысячамі насельніцтва самі ісьляндцы ўспрымаюць як супэрмэгаполіс. Але чалавеку зь Менску Рэйк’явік можа падацца больш правінцыйным, чым... Горадня ці Берасьце. Адзіны начны клюб адчынены чатыры дні на тыдзень. І ў суботу, калі мы праходзілі побач, зазіраючы ў вокны, натоўпаў там не назіралася.

Але правінцыйнасьць Рэйк’явіку падманлівая. На вуліцах гораду шпацыруюць людзі рознага колеру скуры, у натоўпе вы пачуеце тузін моваў, у мэню рэстаранаў стравы самых розных кухняў сьвету. А вы ведалі, што першай жанчынай-прэзыдэнткай, абранай на ўсеагульных выбарах, была ісьляндка Вігдзіс Фінбагадоцір у 1980 годзе? Пасьля чатырох тэрмінаў яе абралі ганаровым чальцом Асацыяцыі правоў жанчын Ісьляндыі. Не ўяўляю, чым можа займацца такая арганізацыя. Летась Ісьляндыя ўвяла, ізноў першай у сьвеце, заканадаўчую забарону на розныя заробкі для мужчын і жанчын на той самай пасадзе.

Помнік жанчыне-ваданосу ў цэнтры Рэйк’явіку. Скульптар Асмундур Свэнсан.

Заўсёды першыя

Пра ўзровень адкрытасьці ісьляндцаў сьведчыць і той факт, што першай у сьвеце прэм’еркай, якая адкрыта заявіла пра сваю гомасэксуальнасьць, была ісьляндка Ёханна Сігурдадоцір. Зрэшты, гей-прайд у Рэйк’явіку сёлета адбудзецца 20-ты раз. Ён працягваецца шэсьць дзён і зьбірае каля 100 тысяч чалавек. На чале калёны апошнія некалькі гадоў ішоў былы цяпер ужо мэр Рэйк’явіку Ён Гнар, дарэчы, вядомы комік.

Інсталяцыя ў форме вясёлкі ў Кэфлявіку

На сум у Рэйк’явіку няма часу. Там працуе амаль два дзясяткі музэяў, сярод якіх Музэй сагі, Музэй кітоў, Музэй панку, Музэй ледавікоў. Але самы незвычайны музэй ісьляндзкай сталіцы — гэта Музэй чэлесаў. Яго заснаваў гісторык Сігурдур Х’яртарсон, які зьбіраў экспанаты для музэю з 1970-х. Сёньня ў ім 289 экспанатаў. Гэта палавыя органы кітоў, дэльфінаў, быкоў, катоў, мышэй і нават слана. Штогод Музэй чэлесаў наведвае больш за 20 тысяч чалавек.

Але язык не павернецца назваць ісьляндцаў распусьнікамі. Гэта неагрэсіўны і нясьмелы народ, а звыш 70% ісьляндцаў належаць да дзяржаўнай рэлігіі — лютэранства. І хаця шмат людзей на высьпе прызнаецца ў атэізьме, нельга не заўважыць вялікай колькасьці цэркваў у краіне. Зрэшты, адзін з самых распазнавальных сымбаляў Рэйк’явіку — царква Гальсгрымкірк’я, названая ў гонар пастара, перакладчыка і паэта Гальгрымура Пітурсана.

Гальсгрымкірк’я

Нацыя пісьменьнікаў, музыкаў і мастакоў

Кнігі займаюць важнае месца ў жыцьці ісьляндцаў. На радзіме сагаў цяжка ўявіць, каб было інакш. У Ісьляндыі ёсьць свой нобэлеўскі ляўрэат Халдур Лакснэс. Ісьляндзкія крымінальныя раманы проста рвуць сусьветныя рэйтынгі. Кнігі Арнальдура Індрыдасана і Ірсы Сігурдадоцір перакладаюцца на многія мовы сьвету. У кнігарні ў Рэйк’явіку вочы проста разьбягаюцца. Ісьляндыя — сусьветны лідэр па колькасьці кніг, выдадзеных на душу насельніцтва. Сьпіс кніг ісьляндзкіх аўтараў у кнігарнях уражвае. Ня горш і зь перакладной літаратурай. На адной з паліц я пабачыў у ісьляндзкім перакладзе бэстсэлер канадзкага філёзафа Джордана Пэтэрсана «12 правілаў жыцьця», які яшчэ не пасьпелі перакласьці ні на расейскую, ні на польскую мовы.

Літаратурная лаўка ў Рэйк’явіку. Сасканаваўшы QR-код, можна паслухаць на смартфоне ісьляндзкую паэзію.

Як прыкмеціў мой сябра Каміль, у краіне з такім надвор’ем нічога больш не застаецца, як чытаць кнігі і слухаць музыку. Або самім пісаць кнігі і музыку. Але ісьляндцы гэта робяць нягледзячы на любое надвор’е і маюць час на сям'ю, працу, падарожжы. Час у Ісьляндыі плыве, як на іншай плянэце. Ён там проста не заўважаецца. Але пасьля аднаго дня ў Рэйк’явіку нам заставалася правесьці на высьпе 6 дзён. І хоць гэтае лета выдалася ў Ісьляндыі самым дажджлівым за апошнія 100 гадоў, гэта не зьнеахвоціла нас. Самае цікавае было наперадзе.

Фотаздымкі: Каміль Арэндт і Дзьмітры Гурневіч

У наступнай частцы: «Залатое кола»: самы папулярны турыстычны маршрут у Ісьляндыі