Для спыненьня ўпарадкаваньня Вайсковых могілак няма падстаў, сьцьвярджаецца ў адказе Менгарвыканкама на калектыўны зварот, іныцыяваны Партыяй БНФ.
Вайсковыя могілкі на вуліцы Казлова ў Менску — адзін з самых старых нэкропаляў беларускай сталіцы, яны маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Першыя згадкі пра Вайсковыя могілкі адносяцца да 1840 году, асьвячэньне могілак адбылося ў 1895 годзе.
Тры тэзісы з адказу Менгарвыканкаму
- Спэцкамбінат КБА выконвае ўсе працы па добраўпарадкаваньні і ўтрыманьні Вайсковых могілак на заканадаўчай аснове. Для іх спыненьня падстаў няма.
- Тры пахаваньні на Вайсковых могілках аднесены да гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Гэта помнікі на магілах літаратараў Янкі Купалы, Якуба Коласа і Марыі Міцкевіч. (Пра тое, што нэкропаль цалкам прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, Менгарвыканкам не згадаў.)
- Сваякі пахаваных на Вайсковых могілках зьвярталіся ў Менгарвыканкам з просьбай дэмантаваць надмагільлі і ўсталяваць замест іх надгалоўнікі.
Што адбываецца?
На пачатку чэрвеня спэцкамбінат камунальна-бытавога абслугоўваньня пачаў «добраўпарадкаваньне» Вайсковых могілак у Менску. Супрацоўнікі камбінату
- прыбіраюць агароджы, пілуюць старыя і сухія дрэвы;
- зносяць старыя крыжы і надмагільлі. На іх месца ўсталёўваюць аднолькавыя невялічкія пліты – так званыя «надгалоўнікі».
Гэта прадугледжана Законам аб пахаваньні і пахавальнай справе і інвэнтарызацыяй могілак, праведзенай у 2015 годзе, тлумачыў Свабодзе намесьнік дырэктара спэцкамбінату КБА Сяргей Тур. Таксама Тур спасылаўся на рашэньне Менгарвыканкаму аб добраўпарадкаваньні Вайсковых могілак, прынятае ў траўні. На сайце Менгарвыканкаму гэтага рашэньня не публікавалі.
Актывісты сьцьвярджалі, што «добраўпарадкаваньне нагадвае знос», і заклікалі да абароны могілак.
У канцы чэрвеня ўлады паабяцалі прыпыніць добраўпарадкаваньне Вайсковых могілак. Выявілася, што рэканструкцыя Вайсковых могілак вялася без праекту і з парушэньнямі ўмоваў Мінкульту.