Прадпрымальніка Аляксея Таўстыку аштрафавалі за абарону Курапатаў

Алесь Таўстыка, архіўнае фота

Суд Менскага раёну прызначыў штраф у 30 базавых велічыняў (735 рублёў) Алесю Таўстыку за «парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў» (ч.3 арт. 23.34 КаАП РБ), піша рух «Дзея».

Паводле вэрсіі суду, ён удзельнічаў у курапацкай варце, якую актывісты больш за месяц ладзяць ля рэстарацыі «Поедем поедим».

Але сам Алесь Таўстыка настойвае, што не пратэставаў, а прыйшоў у рэстарацыю «заўзець за арабаў»: у дзень, калі на яго склалі пратакол, зборныя Расеі і Саудаўскай Арабіі гулялі ў групавым этапе чэмпіянату сьвету, гульня мела трансьлявацца ва ўстанове.

Гэта ня першы штраф за цяперашнюю курапацкую варту. Шэраг актывістаў ужо адбылі арышты. Актывістка Ніна Багінская нядаўна атрымала адразу шэсьць лістоў, зьвязаных з пратэстам: тры штрафы ад ДАІ, позву ў суд, выклік у міліцыю і ліст ад дырэктаркі рэстарацыі, у якім апошняя сьцьвярджае, што пабудова нібыта законная.

Міліцыянта Міхаіла Грамыку, які далучыўся да абароны Курапатаў, звольнілі з працы. Актывісты тым часам скардзяцца на бязьдзеяньне міліцыі падчас нападаў на іх і пагражаюць байкотам ўсёй рэстараннай групе бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.

4 штрафы актывісту з Гомля

Тым часам на актывіста з Гомля Барыса Анікеева, які браў удзел у абароне Курапатаў, міліцыя склала чатыры пратаколы за перашкоду руху транспартных сродкаў і адзін прататакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Барыс Анікееў

Анікееў агулам аштрафаваны ДАІ на 98 рублёў — 4 штрафы па 1 базавай велічыні (24,5) рубля. Пяты пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі яшчэ будзе разглядаць суд.

Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 13 ліпеня паведаміў пра нейкія дамоўленасьці з уладальнікам рэстарацыі, але якія гэта дамоўленасьці — пакуль не сказаў.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

​Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго