Афіцыйныя прадстаўнікі Эўразьвязу і Беларусі 17 ліпеня ў Менску правялі пяты раўнд двухбаковага Дыялёгу аб правах чалавека.
Дыскусія падзялілася на дзьве часткі. У першай палове дня правы чалавека абмяркоўвалі, з аднаго боку, беларускія чыноўнікі на чале з намесьнікам міністра замежных спраў Алегам Краўчанкам, а з другога боку — эўрапейская дэлегацыя, якую ўзначальвае Дырк Шубэль, кіраўнік аддзелу двухбаковых дачыненьняў з краінамі «Ўсходняга партнэрства» Эўрапейскай службы вонкавых дзеяньняў.
Менавіта тады сярод розных праблем абмяркоўвалі і стварэньне ў Беларусі «Нацыянальнага інстытуту правоў чалавека». Упершыню гэтую тэму ўзьнялі яшчэ на першым раўндзе Дыялёгу тры гады таму. Аднак ні інстытуту, ні нават упаўнаважанага па правах чалавека ў Беларусі няма дагэтуль. І калі ён зьявіцца, сказаць дакладна ніхто не бярэцца.
Грамадзянскую супольнасьць падключылі да другой часткі Дыялёгу
Алег Краўчанка, які стаў мадэратарам дыскусіі ў рамках другой часткі дыялёгу, вызначыў асноўныя тэмы для абмену думкамі. Гэта — свабода выказваньняў, свабода сходаў, сытуацыя ў мэтавых групах — інвалідаў, непаўналетніх, жанчын.
Каардынатар юрыдычных праграм Беларускага Хэльсынскага камітэту Дзьмітры Чарных, якому таксама далі слова, сканцэнтраваўся на праблемах айчыннага заканадаўства, непасрэдна зьвязаных са свабодай сходаў.
«Я казаў, што заканадаўства неабходна абавязкова ўдасканальваць. І прывёў такі прыклад. Хіба ж гэта правільна, калі ад удзельніка адзіночнага пікету патрабуюць, каб ён аплаціў выдаткі на міліцыю, прыбіральшчыкаў, мэдыкаў і гэтак далей?! Я таксама прапаноўваў заканадаўча адасобіць палітычныя і сацыяльныя мерапрыемствы ад камэрцыйных і спартовых», — сказаў Свабодзе супрацоўнік БХК.
Дыскутавалі і пра ролю назіральнікаў. Паводле Чарных, у беларускім Міністэрстве ўнутраных спраў чамусьці ня хочуць бачыць розьніцы паміж удзельнікамі мерапрыемства і назіральнікамі. А гэта абсалютна розныя катэгорыі людзей, пераконваў чыноўнікаў праваабаронца.
Пяты раўнд афіцыйна сёньня пачаўся і сёньня ж скончыўся. Але 18 ліпеня эўрапейская дэлегацыя па-за рамкамі Дыялёгу зьбіраецца больш грунтоўна паразмаўляць зь беларускімі праваабаронцамі.
Як усё пачыналася
У 2009 годзе Беларусь і Эўразьвяз дасягнулі дамоўленасьці наконт правядзеньня дыялёгу аб выкананьні правоў чалавека. Афіцыйна дыялёг на гэтую тэму быў ініцыяваны 6 красавіка 2009 году па выніках пасяджэньня Рады Эўразьвязу на ўзроўні міністраў юстыцыі. У рамках дыялёгу прадугледжваліся сустрэчы і ў Беларусі, і ў Эўразьвязе «мінімум раз на год».
Аднак першая сустрэча прайшла ў Брусэлі толькі ў ліпені 2015 году.