Суд супраць лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП пачнецца 30 ліпеня

Генадзь Фядыніч, архіўнае фота

Працэс супраць старшыні незалежнага прафсаюзу рабочых радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзя Фядыніча і бухгальтара РЭП Ігара Комліка будзе весьці суд Ленінскага раёну Менску.

«Сёньня я і Ігар атрымалі позвы. Судзьдзя па нашай справе -- спадарыня Фёдарава. Абараняць мяне будзе адвакатка Натальля Мацкевіч, Ігара -- Людміла Казак», — расказаў Свабодзе Генадзь Фядыніч.

Абвінавачваюць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), за што пагражае абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.

Паводле такога самага артыкула ў 2011 годзе пасадзілі старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага — асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, але вызвалілі праз тры гады. Беларускія, эўрапейскія і амэрыканскія праваабаронцы прызналі Бяляцкага палітвязьнем, прысуд быў названы палітычна матываваным.

Да таго Комлік правёў за кратамі два месяцы, Фядыніч ад пачатку сьледчых дзеяньняў у жніўні 2017 году застаецца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Што важна ведаць

  • Фядыніча і Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 году.
  • Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах РЭП.
  • Прафсаюзным актывістам выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».
  • Паводле гэткага ж артыкула (ч. 2 арт. 243 КК) у 2011 г. праваабаронцу Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».
  • Сьледчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.

Што такое прафсаюз РЭП і чаму яго перасьледуюць

6 пытаньняў да старшыні РЭП Генадзя Фядыніча, якога вінавацяць у нясплаце падаткаў