Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт адмовіўся спыніць крымінальную справу супраць лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП


Генадзь Фядыніч
Генадзь Фядыніч

Старшыня незалежнага прафсаюзу рабочых радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзь Фядыніч і бухгальтар РЭП Ігар Комлік, якіх абвінавачваюць ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры», 19 чэрвеня атрымалі адказ са Сьледчага камітэту на іх хадайніцтва, каб спыніць крымінальную справу.

Кіраўнік сьледчай групы капітан Захараў напісаў, што ня бачыць падстаў для спыненьня гэтай справы, сказаў Свабодзе Фядыніч.

«Пасьля таго як мы зь Ігарам цалкам пазнаёміліся з 11 тамамі матэрыялаў сьледзтва, мы прыйшлі да высновы, што мы не парушылі заканадаўства. А таму і напісалі зварот з просьбай спыніць нашу справу, паколькі ў ёй няма крыміналу. Сьледчыя ж лічаць, што крымінал ёсьць. Цяпер нашыя адвакаты будуць вырашаць, што рабіць далей», — кажа прафсаюзны лідэр.

Фядыніч: нам прыпісалі фэйкавую паштовую скрыню

Генадзя Фядыніча больш ня зьвязвае таямніца сьледзтва. Таму ён кажа, што галоўныя абвінавачаньні грунтуюцца на дадзеных нейкай электроннай скрыні. Яна нібыта належала Ігару Комліку. Спатрэбілася санкцыя пракурора, каб гэта пацьвердзіць. І высьветлілася, што бухгальтар не зьяўляецца яе гаспадаром.

«Нам таксама сказалі, што ўладальнік скрыні знаходзіцца ў Вільні. І нават назвалі ягоны адрас. Але мы такога чалавека ня ведаем. Хто стварыў і каму належыць фэйкавы рахунак — у справе пра гэта няма ніякай інфармацыі. Аднак на гэтай скрыні апынулася ананімная перапіска з нашымі калегамі з-за мяжы і электронныя копіі дакумэнтаў нібыта зь літоўскага банку», — тлумачыць сытуацыю лідэр РЭП.

Ён мяркуе, што менавіта гэтыя «дакумэнты», найбольш верагодна, паспрабуе легалізаваць сьледзтва ў якасьці доказнай базы.

Ігар Комлік
Ігар Комлік

«У справе няма ніводнага пратаколу»

Старшыня РЭП кажа, што яго вельмі зьдзіўляе адсутнасьць у 11 тамах справы хоць бы аднаго пратаколу.

«Я ня бачыў шмат матэрыялаў. Напрыклад, сьледзтва дапытала звыш 800 чальцоў нашага прафсаюзу — ніводнага пратаколу ў справе няма. Кажуць, што яны выдзеленыя ў асобную вытворчасьць. Якія яшчэ дакумэнты там сабралі, мне невядома».

Фядыніч не выключае, што гэтак зроблена наўмысна. Магчыма, кажа ён, за першай крымінальнай справай хочуць адкрыць новую: «Праз гэта ўлады спадзяюцца трымаць прафсаюз РЭП на кароткім ланцужку».

Чаму Комлік і Фядыніч не пісалі хадайніцтва аб памілаваньні

«Свабода» ўжо паведамляла, што абодва прафсаюзныя лідэры адмовіліся пісаць прашэньне Лукашэнку аб памілаваньні. Фядыніч тлумачыць, чаму яны так зрабілі.

«Калі ты прызнаеш віну і пішаш прашэньне з пакаяньнем на імя кіраўніка дзяржавы, то ў гэтым выпадку можна спадзявацца на памілаваньне і вяртаньне канфіскаванай маёмасьці. Дапускаю, што гэтую норму цалкам можна ўжываць да камэрсантаў. Аднак прафсаюз — грамадзкая арганізацыя, яна не зарабляе грошы, нам каяцца няма ў чым», — кажа Фядыніч.

Чаму справу трымалі пад сукном з 2011 году?

Фядыніч і Комлік па-ранейшаму лічаць, што іхная справа носіць палітычны характар. Калі гэта эканамічны крымінал, то бок нясплата падаткаў, то «хто і навошта трымаў яго пад сукном з 2011 году? Чаму справа раптам усплыла толькі ў жніўні 2017 году?»

«Мы настойліва адстойваем правы нашых чальцоў. Даём бясплатныя кансультацыі сотням, тысячам людзей, у тым ліку і не чальцам прафсаюзу. А самае галоўнае: РЭП — арганізацыя, здольная аб’яднаць людзей для абароны сваіх законных інтарэсаў і правоў. І гэта асабліва было бачна падчас змаганьня з так званымі дармаедамі. Я перакананы: менавіта з прычыны нашай працы ўлады вырашылі прыціснуць прафсаюз, не даючы яму паўнавартасна працаваць», — выкладае сваё бачаньне справы Генадзь Фядыніч.

Абвінавачваюць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 КК), за што пагражае абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.

Паводле такога самага артыкула ў 2011 годзе пасадзілі старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага — асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, але вызвалілі праз тры гады. Беларускія, эўрапейскія і амэрыканскія праваабаронцы прызналі Бяляцкага палітвязьнем, прысуд быў названы палітычна матываваным.

Суд можа адбыцца ўжо ў чэрвені. Да таго Комлік правёў за кратамі два месяцы, Фядыніч ад пачатку сьледчых дзеяньняў у жніўні 2017 году застаецца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Што важна ведаць

  • Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах РЭП.
  • Прафсаюзным актывістам выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».
  • Паводле гэткага ж артыкула (ч. 2 арт. 243 КК) у 2011 г. праваабаронцу Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».
  • Сьледчыя апыталі ўжо больш за 550 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
  • Фядыніча і Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 году.

Што такое прафсаюз РЭП і чаму яго перасьледуюць

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG