Акцыі Tesla ўпалі пасьля таго, як Маск назваў пэдафілам дайвэра, які выратаваў тайскіх дзяцей

Ілон Маск

Кошт кампаніі Tesla ўпаў амаль на $ 2 млрд пасьля таго, як яе кіраўнік абразіў брытанскага дайвэра, які ўдзельнічаў у апэрацыі выратаваньня тайскіх дзяцей зь пячоры. Акцыі кампаніі ўпалі больш чым на 3,5%.

Інвэстары і аналітыкі сказалі агенцтву Reuters, што публічныя выказваньні Ілона Маска адцягваюць ад асноўнага бізнэсу Tesla — вытворчасьці электрамабіляў.

Што адбылося?

Брытанскі нырэц Вэрнан Ансварт раскрытыкаваў ідэю Маска стварыць падводную міні-лодку, каб выцягнуць з затопленай тайскай пячоры 12 дзяцей і іх трэнэра. Ансварт, які ўдзельнічаў у выратавальнай апэрацыі, назваў субмарыну Маска піярам.

«Не было ніякіх шанцаў, што гэта спрацуе. У яго не было ні найменшага ўяўленьня, як выглядаў праход у пячоры, — сказаў Ансварт. — Падводная лодка, наколькі я ведаю, мусіла быць даўжынёй 1,6 мэтраў, нягнуткай, таму яна не змагла б абысьці рагі або якія-небудзь перашкоды».

Маск адказаў яму ў твітэры, што зробіць відэа, якое пакажа, як міні-падлодка дабіраецца да пячоры, «no problemo». «Прабач, [пэдафіл, у арыгінале — pedo guy], але ты сам напрасіўся», — дадаў Маск.

Пазьней кіраўнік Tesla выдаліў гэтыя твіты, але ня стаў прасіць прабачэньня або камэнтаваць іх.

Ансварт на пытаньне, ці не зьбіраецца ён падаць пазоў супраць Маска, адказаў: «Так».

Як ратавалі дзяцей

Дзеці зь мясцовай футбольнай каманды ў Тайляндзе сышлі разам з трэнэрам на экскурсію ў пячору Тхам Луанг 23 чэрвеня і не вярнуліся. Хлопчыкаў, якім ад 11 да 16 гадоў, і трэнэра знайшлі ў пячоры жывымі толькі празь дзевяць дзён. У выніку ўсіх дзяцей уратавалі 10 ліпеня. Апэрацыя працягвалася тры дні.

Уваход у пячору быў пад вадой, і дабрацца да дзяцей можна было толькі праз вузкае «жарало», у якім зь цяжкасьцю зьмяшчаўся адзін чалавек. Выратавальную апэрацыю было вырашана праводзіць пры дапамозе вадалазаў і дайвэраў. Кожнае дзіця двое дайвэраў выводзілі праз вузкае затопленае «жарало» ва ўмовах нулявой бачнасьці. Адзін з ратавальнікаў трымаў балён са сьціснутым паветрам, якім магло дыхаць дзіця, другі — накіроўваў групу. Сытуацыю ўскладняла тое, што некаторыя дзеці ня ўмелі плаваць.