Першымі яго змогуць выкарыстоўваць журналісты дзяржаўных СМІ, а да канца году — усе астатнія.
Камуністычная Куба пачала даваць інтэрнэт на мабільных тэлефонах для вузкага кола карыстальнікаў. Мяркуецца, што да канца 2018 году ўсе жыхары вострава змагу карыстацца інтэрнэтам на мабільных прыладах, піша Reuters.
Журналісты, якія працуюць у дзяржаўных СМІ, сталі першымі, хто атрымаў мабільны інтэрнэт, які прапаноўваецца дзяржаўнай тэлекамунікацыйнай кампаніяй ETECSA. Гэта частка больш шырокай кампаніі за пашырэньне доступу да інтэрнэту, пра якую заявіў новы прэзыдэнт Мігель Дыяс-Канэль. Гэта, паводле яго, павінна паспрыяць росту эканомікі і дапамагчы кубінцам абараняць сваю рэвалюцыю.
Аналітыкі кажуць, што доступ да інтэрнэту таксама аслабіць кантроль ураду за тым, якая інфармацыя даходзіць да людзей у астраўной дзяржаве, якая мае манаполію на сродкі масавай інфармацыі.
«Гэта радыкальная зьмена», — заявіў 39-гадовы Юрыс Норыда, які працуе для некалькіх дзяржаўных навінавых вэб-сайтаў і тэлевізіі. «Цяпер я магу абнаўляць навіны зь любога месца, дзе б ні знаходзіўся, у тым ліку там, дзе адбываюцца навіны».
Паводле зьвестак кубінскай тэлекамунікацыйнай манаполіі ETECSA, некаторыя кліенты, у тым ліку кампаніі і амбасады, змаглі набыць мабільныя тарыфныя пляны яшчэ ў сьнежні мінулага году.
Куба сабралася прызнаць права грамадзянаў на прыватную ўласнасьць
На Кубе можа зьявіцца пасада прэзыдэнта
ETECSA заявіла, што да канца гэтага году прапануе мабільны інтэрнэт 5 мільёнамі сваіх кліентаў, што складае амаль палову насельніцтва Кубы. Праз брак сродкаў, выкліканы гандлёвым эмбарга ЗША, а таксама заклапочанасьць ураду патокам інфармацыі, Куба адстае ў доступе да сусьветнага павуціньня. Да 2013 году інтэрнэт на Кубе быў у асноўным даступны толькі для турыстаў у гатэлях.
У большасьці ўладальнікаў мабільных тэлефонаў ёсьць смартфоны, хоць Куба толькі цяпер укараняе 3G-тэхналёгіі, у той час як большасьць краін Лацінскай Амэрыкі перайшлі на тэхналёгіі 4G, а ўкараненьне 5G знаходзіцца на завяршальным этапе выпрабаваньняў.
Адным з выклікаў можа стаць кошт за выкарыстаньне інтэрнэту. Цяпер кошт выкарыстаньня пункту доступу каштуе 1 даляр за гадзіну, а сярэдняя месячная зарплата на Кубе складае 30 даляраў.