Чым цяпер займаецца былы лідэр АГП Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька на зьезьдзе АГП. 8 ліпеня 2018 году

Анатоль Лябедзька, які 18 гадоў нязьменна кіраваў Аб’яднанай грамадзянскай партыяй, ужо амаль тыдзень знаходзіцца ў статусе шараговага партыйца. У інтэрвію Свабодзе палітык расказаў, чым будзе займацца далей.

«Спадзяваньні, што змагу нарэшце адпачыць, ня спраўджваюцца. У мяне ёсьць пэўныя рэчы, якія я лічу неабходным працягваць, як мінімум на нейкую бліжэйшую пэрспэктыву. Найперш, гэта інфармацыйныя праекты на афіцыйным партыйным сайце: You-Tube-шоў „Бурбалкі“, экспэртны дыялёг „Прафэсійна аб актуальным“», — падзяліўся Лябедзька.

Былы партыйны лідэр кажа, што за гэтыя праекты ў яго існуе пэрсанальная адказнасьць. І таму кідаць іх пакуль ён не зьбіраецца.

Архіўнае фота. Анатоль Лябедзька на мітынгу апазыцыі. 2015 год

Акрамя таго, Лябедзька сказаў Свабодзе, што мае тры асабістыя новыя ідэі.

«Гэта непалітычныя праекты. Пакуль мне не хацелася б іх агучваць. Так што будучыня для Анатоля Лябедзькі — гэта камбінацыя палітычных і непалітычных ідэяў», — прызнаецца былы старшыня АГП.

Як даведалася Свабода, адзін з гэтых праектаў — грамадзкая арганізацыя «Эўрапейскі дыялёг», якую нядаўна афіцыйна зарэгістраваў Лябедзька.

Ён згадвае, што ягоная бабуля пражыла 98 гадоў.

«Таму, спадзяюся, і ў мяне ёсьць шанец для нечага новага. Адразу скажу, што гэта ня бізнэс. Бо ў Беларусі для Анатоля Лябедзькі бізнэсу няма. Таму гэта будуць праекты і не палітычныя, і не бізнэсовыя».

На наступным тыдні палітык зьбіраецца адпачыць: «Хачу хоць на 4-5 дзён выехаць на Балтыйскае ўзьбярэжжа».

Архіўнае фота. Каляж фота з Instagram палітыка