У Беларусі далучыліся да глябальнай акцыі ў падтрымку палітвязьня Алега Сянцова

Алег Сянцоў, архіўнае фота

Сёньня дзень народзінаў ва ўкраінскага кінарэжысэра Алега Сянцова. 13 ліпеня яму спаўняецца 42 гады, зь іх чатыры ён правёў у расейскіх турмах. З 14 траўня ён трымае галадоўку пратэсту.

У дзень народзінаў Алега Сянцова, які ўжо два месяцы галадае за кратамі ў Расеі, яму выказваюць падтрымку па ўсім сьвеце. Да глябальнай акцыі салідарнасьці далучыліся і ў Беларусі.

На старонцы Беларускага ПЭН-цэнтру ў фэйсбуку сёньня апублікаваны ліст PEN America на імя Дональда Трампа, у якім яго просяць узьняць пытаньне пра вызваленьне Сянцова на сустрэчы з Пуціным у Хэльсынкі 16 ліпеня. Сябры Беларускага ПЭН-цэнтру заклікаюць усіх падпісвацца пад гэтым лістом.

У падтрымку Алега Сянцова выступіў Беларускі камітэт салідарнасьці з Украінай.

У Горадні праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч сфатаграфаваўся з партрэтам украінскага кінарэжысэра побач з Калоскай царквой і зьмясьціў здымак у фэйсбуку.

Хільмановіч сказаў Свабодзе, што дзеля здымкаў абраў адно з самых сымбалічных месцаў у Горадні — Калоскую царкву. Ён мяркуе, што Сянцоў — вялікі чалавек, які ахвяруе сваім жыцьцём, каб вызваліць іншых вязьняў.

«Я зрабіў самае меншае, што мог для яго — падтрымаў маральна, — сказаў Свабодзе Хільмановіч. — Гэта ў маіх сілах, і я палічыў, што не магу застацца ўбаку. Разумею, што гэта сымбалічная падтрымка, але ведаю, што яму яна патрэбная».

Хто такі Алег Сянцоў?

Грамадзянін Украіны Алег Сянцоў быў арыштаваны расейскімі акупацыйнымі ўладамі ў Крыме і асуджаны ў Расейскай Фэдэрацыі на 20 гадоў пазбаўленьня волі 25 жніўня 2015 году. Суд прызнаў яго вінаватым у стварэньні ў Крыме тэрарыстычнай групоўкі, кіраваньні ёй, спробе набыць выбуховыя прыстасаваньні і незаконным захоўваньні агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, дзьвюх тэрарыстычных атаках і падрыхтоўцы яшчэ аднаго тэракту.

Алег Сянцоў

Сянцоў сваёй віны на судзе не прызнаў. 14 траўня 2018 году рэжысэр абвясьціў бестэрміновую галадоўку ў калёніі гораду Лабытнангі. Ён патрабуе вызваліць 64 украінскіх палітзьняволеных, але сябе ў гэты сьпіс не ўключыў.

Да Сянцова ў калёнію не пускаюць упаўнаважанага Вярхоўнай Рады па правах чалавека Людмілу Дзянісаву. 5 ліпеня да яго ў калёнію пусьцілі стрыечную сястру Натальлю Каплан, якая паведаміла, што ейны брат вельмі пастарэў і схуднеў на 15 кг. Прэзыдэнт Украіны Пётра Парашэнка з нагоды дня народзінаў Сянцова нагадаў, што імя Сянцова працягвае гучаць з усіх міжнародных трыбун.

«Адчуваю сябе ня так выдатна, як можа здацца некаторым праваабаронцам» — рэжысэр Сянцоў піша з турмы