Пасьля сьмерці Анемпадыстава талакой перавыдалі ягоную кнігу «Колер Беларусі»

Міхал Анемпадыстаў. Здымак Арцёма Канцавога.

Творчая спадчына Міхала Анемпадыстава застаецца запатрабаванай і пасьля заўчаснай сьмерці мастака.

12 ліпеня ў а 19.00 у культурніцкім цэнтры «Корпус» адбудзецца вечарына «Чуць. Бачыць. Разумець» з нагоды перавыданьня кнігі Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі».

Дызайнэрскі альбом стаў апошняй працай мастака, фатографа, паэта, аўтара легендарнага «Народнага альбому» — ён памёр 24 студзеня 2018 году ва ўзросьце 53 гадоў.

У сакавіку на краўдфандынгавай плятформе Ulej.by распачаўся збор сродкаў на перавыданьне «Колеру Беларусі». Кніга выйшла ў 2017 годзе, але невялікім накладам, у яе падтрымку ладзіліся выставы.

Першапачаткова арганізатары плянавалі сабраць 13,5 тысяч рублёў на 500 асобнікаў. У выніку людзі ахвяравалі больш за 22 тысячы рублёў, што разам са спонсарскай дапамогай дазволіла выдавецтву «Логвінаў» надрукаваць 1700 экзэмпляраў.

Колеры Анемпадыстава

Міхал Анемпадыстаў шмат гадоў дасьледаваў гісторыю і ролю колераў у гістарычных традыцыях, якія заснавалі аснову для фармаваньня беларускай нацыянальнай культуры. Летась ягоныя тэарэтычныя напрацоўкі рэалізаваліся на практыцы. За год да сваёй сьмерці ў інтэрвію Свабодзе раскрываў таямніцы калярыстыкі роднай Беларусі.

«Для нас, як і для балтаў, галоўны колер — белы. Разам з тым няма рэзка адмоўнай канатацыі чорнага — у беларускай дахрысьціянскай культуры ён ня ёсьць носьбітам зла ці колерам жалобы. Альбо, скажам, шэры: у народнай культуры зьвяркі — героі калыханак, казак — усе шэрыя. Шэры — як абярэг, як зона спакою, бясьпекі. Чырвоны — таксама важна, але ў беларусаў ён ніколі ня быў дамінуючым, толькі ў якасьці акцэнту», — казаў Міхал Анемпадыстаў, падкрэсьліваючы, што ягоная кніга ня толькі адкрывае новыя веды пра колеры, але і вучыць «думаць вачыма».

Паміж белым і чорным: Міхал Анемпадыстаў дасьледуе прыроду беларускага колеру

Сябры, паплечнікі, аднадумцы Міхала таксама паспрабуюць абʼяднаць словы, вобразы і музычныя імправізацыі, каб здолець убачыць, пачуць і зразумець сябе праз сьвет колераў, гісторыі і культуры Беларусі. У імпрэзе «Чуць. Бачыць. Разумець» возьмуць удзел арганізатар кампаніі на выданьне кнігі Тацяна Вадалаская, актор Раман Падаляка, музыка Зьміцер Лукʼянчык.

Вялікая спадчына Анемпадыстава

Тацяна Вадалаская, каардынатарка «Лятучага ўнівэрсытэту», зь якім шчыльна супрацоўнічаў Міхал Анемпадыстаў, патлумачыла Свабодзе, чаму ўзнікла патрэба ў дадатковым накладзе кнігі.

«Мы сыходзілі з аднаго: першае выданьне аказалася зусім малое і было проста шкада, што грунтоўная праца ня дойдзе да тых, каму яна сапраўды патрэбная і карысная ў прафэсійнай дзейнасьці. Бо нават ужо тады стала зразумела, што інтарэс да кнігі вялікі. І збор сродкаў гэта толькі пацьвердзіў», — адзначыла ініцыятарка краўдфандынгу.

Творчая спадчына Міхала Анемпадыстава надзвычай вялікая — ад кніжных ілюстрацый да афармленьня рок-альбомаў.

Ёсьць цікавасьць і да іншых праектаў майстра, упэўненая Тацяна Вадалаская.

«Гэта ня значыць, што на слыху толькі апошняя праца, той жа „Народны альбом“ і сёньня запатрабаваны. Паўстае толькі пытаньне ўдалай формы — што менавіта? У любым выпадку важна прасоўваць тое, што рабіў Міхал, максымальна шырокаму колу — і тым, хто даўно ў курсе, і тым, хто магчыма, сутыкаецца ўпершыню. Усё ж кола, якое карыстаецца ягонай спадчынай, на жаль, не такое шырокае, як хацелася б».

Да гадавіны сьмерці Міхала Анемпадыстава плянуюць арганізаваць мастацкую выставу па аналёгіі з той, якая напачатку мінулага году ладзілася ў падтрымку кнігі «Колер Беларусі». У ліку арганізатараў — Саюз дызайнэраў, сябрам якога Міхал быў, Лятучы ўнівэрсытэт.

«Ёсьць амаль схаваная частка таго, што рабіў Міхал для кампаній грамадзянскай супольнасьці — вокладкі, лягатыпы і г.д. Напрыклад, у рамках праекту „Будзьма“ ці абароны Курапатаў. Сымбалічны сьвет вакол нас — прынамсі калі казаць пра незалежную супольнасьць — насычаны яго працамі. Асабіста мне вельмі хацелася б паказаць і гэта таксама», — адзначае Тацяна Вадалаская.

Адметнасьць кнігі «Колер Беларусі»

  • Самая незвычайная «энцыкляпэдыя» пра Беларусь. Альбом дае магчымасьць уважліва паўглядацца ў колеры, іх спалучэньні і зразумець, хто такія беларусы і адкуль яны.
  • Спалучае ў сябе вобразны і візуальны шэраг — больш за 120 высокаякасных фатаграфій, якія даюць адказ на пытаньне: што такое «колер» і чаму ён фэномэн культуры.
  • Глыбокае дасьледьваньне — 100 зносак на навуковыя і гістарычныя крыніцы, а таксама талент аўтара-эсэіста, які стылёва вядзе чытача ў вандроўку па колеравай Беларусі.
  • Мае практычную вартасьць і можа стаць дапаможнікам тым, хто працуе са стылямі: рэклямістам, дызайнэрам, мастакам, архітэктарам, ляндшафтнікам. Для іх гэта магчымасьць апэраваць стылямі як інструмэнтам.

Унівэрсальны салдат беларускага мастацтва

Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 году ў Менску.

Дызайнэр, фатограф, графік, паэт, публіцыст. Навучаўся ў Менскай мастацкай вучэльні, працаваў ў жанрах ужытковай графікі, ілюстрацыі, плякату, фатаграфіі.

Быў аўтарам ілюстрацый для шматлікіх кніг і часопісаў — «Бярозка», «Маладосьць», кніг Сяржука Вітушкі «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі» і Валянціна Акудовіча «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека». Аўтар вокладак для CD-дыскаў гурта «N.R.M.», сьпевака Зьмітра Вайцюшкевіча, плякатыст і аўтар постэраў да рок-канцэртаў.

У 2011 годзе прэзэнтаваў фотавыставу «Under Ground». Удзельнік і аўтар лягатыпу грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», вёў на сайце аўтарскую калонку «Простыя рэчы». Выкладчык і сябра калегіюму Лятучага ўнівэрсытэту, дзе чытаў публічныя лекцыі і вёў школу «Дэзань!».

Адзін са стваральнікаў беларускай рок-паэзіі 1990-х. Аўтар ідэі і тэкстаў культавага музычнага праекту «Народны альбом» (1997). Песьні на вершы Анемпадыстава ў рэпэртуары Зьмітра Вайцюшкевіча, гуртоў «Новае Неба», N.R.M., IQ48. У 2013-м выдаў збор вершаў «Глыбока, глыбока, на дне філіжанкі кавы».

24 студзеня 2018 году Міхала Анемпадыстава ня стала. Апошняй ягонай вялікай працай стаў візуальна-дасьледчы праект «Колер Беларусі».

Міхал Анемпадыстаў: Імкненьне жыць у справядлівым сьвеце — адна з дамінантаў беларускай культуры