Яшчэ адзін арышт. Затрымалі кіраўніка дзяржаўнага холдынгу за хабар у 85 000 эўра

Ілюстрацыйнае фота

Супрацоўнікі галоўнага ўпраўленьня барацьбы з эканамічнымі злачынствамі (ГУБАЗіК) Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі затрымалі за атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры генэральнага дырэктара неназванага дзяржаўнага холдынгу, піша БелаПАН.

Паводле ГУБАЗіК, затрыманы ўзяў хабар у 85 тысяч эўра за забесьпячэньне перамогі «патрэбнага» пастаўшчыка тэхналягічнага абсталяваньня і своечасовай платы за пастаўку. Дома ў яго канфіскавалі 140 тысячаў даляраў.

Справу завялі паводле ч.3 арт. 430 КК РБ, затрыманаму пагражае да 15 год пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Пра які менавіта холдынг гаворка і як зваць затрыманага, невядома. Але затрыманьне адбываецца на тле «справы мэдыкаў» (у тым ліку справа зьвязаная з карупцыяй у дзяржаўных закупках), у межах якой ужо больш за 60 фігурантаў, 37 зь іх затрыманыя, канфіскавана ці кампэнсавана «больш за 15 000 000 даляраў», сьцьвярджае КДБ.