У справе аб злоўжываньнях чыноўнікаў з мэдыцынскай галіны ўжо больш за 60 фігурантаў, 37 зь іх затрыманыя, сьцьвярджае старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Валерый Вакульчык.
Фігурантам прад’явілі абвінавачаньні ў хабарніцтве і ўхіленьні ад падаткаў, у тым ліку ў закупках абсталяваньня і лекаў па завышаных на 60–100% цэнах.
КДБ заяўляе, што амаль усе прызналі віну. На допыт хадзіў экс-міністар аховы здароўя Беларусі, віцэ-прэм’ер Васіль Жарко.
Затрыманыя
(інфармацыя пацьверджаная КДБ)
- Намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі;
- Генэральны дырэктар «Белфармацыі» Вячаслаў Гніцій;
- Дырэктар «Белмэдтэхнікі» Аляксандар Шарак;
- Начальнік вайскова-мэдычнага ўпраўленьня Мінабароны Аляксей Яськоў;
- Начальнік галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму Андрэй Стрыжак;
- Галоўны патолягаанатам Мінздароўя, начальнік Менскага гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага бюро Аркадзь Пучкоў;
- Дырэктар Цэнтру экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя Аляксандар Сталяроў;
- Дырэктар РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі Аляксандар Бялецкі;
- Галоўны ўрач 1-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску Алег Фамін;
- Галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтру мэдычнай рэабілітацыі і бальнэалячэньня Сяргей Карыцька;
- Дырэктар фірмы «Экзон» Валер Васькевіч.
(не пацьверджаная пакуль інфармацыя СМІ пра затрыманьні)
- Дырэктар кампаніі «Іскамэд» Сяргей Шакуцін;
- Загадчык эндаскапічнага аддзяленьня 9-й Менскай гарадзкой клінічнай лякарні Андрэй Саўчанка.
Крымінальныя справы пацьверджаныя
(але невядома, ці затрыманыя)
- Галоўны ўрач 9-й Менскай гарадзкой клінічнай лякарні Валер Кушнірэнка;
- Галоўны ўрач Менскай абласной клінічнай лякарні Андрэй Каралько;
- Галоўны ўрач Віцебскай абласной клінічнай лякарні Анатоль Аладзька.
Сумы хабараў
Усяго ў справе канфіскавана ці кампэнсавана «больш за $15 000 000», сьцьвярджае КДБ.
- Ласіцкі — «ад $2500 да $10 000»;
- Васкевіч — «затрыманы пры атрыманьні $5000, усяго ня менш за $25 000»;
- Фамін — «знойдзена каля $140 000»;
- Пучкоў — «ня менш за $200 000»;
- Бялецкі — «у схованках знойдзена каля $500 000»;
- Шарак — «у схованцы ў гаражы знойдзена больш за $620 000».