Міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч расказаў пра барацьбу з карупцыяй сярод чыноўнікаў у 2017 годзе ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1».
Агулам за 2017 год, сьцьвярджае «Беларусь-1», сілавікі выявілі і спынілі 1885 карупцыйных злачынстваў, абвінаваўчыя прысуды вынесьлі 780 чыноўнікам і кіраўнікам, сума шкоды па злачынствах склала каля 25,17 млн рублёў. Толькі за чатыры месяцы 2018 году выяўлена 940 карупцыйных злачынстваў, падазраванымі па іх праходзяць 360 чалавек.
Ігар Шуневіч таксама заявіў, што «будучыя значныя мерапрыемствы ў жыцьці краіны наўрад ці нейкім чынам паўплываюць на сытуацыю з карупцыяй у краіне», але што гэта за мерапрыемствы, што нясуць «рызыкі ў разыходаваньні бюджэтных сродкаў», ён не ўдакладніў — сказаў толькі: «Мы рыхтуемся».
Паводле зьвестак на 2017 год, у Беларусі ў сфэры дзяржаўнага кіраваньня працавала 177,3 тысячы чалавек — 4,3% занятага ў эканоміцы насельніцтва (то значыць, на карупцыі злавілі 0,44% чыноўнікаў), іхныя заробкі былі на 21,9% большыя за сярэднія па краіне.