Кіраўнікоў беларускіх дыпляматычных місіяў, якія ня справіліся з заданьнямі ў нарошчваньні экспарту, плянуецца адклікаць са службы, перадае БелаПАН заяву першага намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Андрэя Еўдачэнкі.
Раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дыпляматы павінны займацца прасоўваньнем продажу беларускай прадукцыі.
Рашэньне зьвязанае зь леташнім распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі: ён заявіў, што трэба прымаць захады адказнасьці да амбасадараў, якія не спраўляюцца з заданьнямі ў росьце экспарту на замежныя рынкі.
«Я і мае калегі атрымалі вельмі шмат рэкламацыяў у сувязі з тым пакараньнем, якое некаторыя атрымалі ад МЗС, – казаў Андрэй Еўдачэнка. – Вы памятаеце, што ў нас там прыкладна шасьці-сямі амбасадарам строга зазначылі пра неабходнасьць выкананьня экспартных паказьнікаў і зрабілі заўвагі».
Паводле Еўдачэнкі, Лукашэнка загадаў адклікаць тых амбасадараў, якія «цягам двух гадоў не выконваюць прагнозных заданьняў у экспарце без аб’ектыўных прычынаў», а ўрад пагадзіўся з патэнцыйным адкліканьнем. Такіх амбасадараў, кажа ён, цяпер да дзесяці.
Хто б гэта мог быць?
Хто менавіта з амбасадараў ня выканаў прагнозныя паказьнікі без аб’ектыўных прычынаў, невядома. Але за апошнія два гады, паводле Белстату, упаў экспарт у 54 краіны (вырас у 56).
Аб’ёмы замежнага гандлю (і экспарту, і імпарту) дасягнулі піка ў 2012 годзе, пасьля за чатыры гады ўпалі на 45% (экспарт – на 49%). Падзеньне адбывалася па ўсіх напрамках: што з Эўразьвязам, што з Расеяй і Ўкраінай, што з далёкім замежжам. За 2017 год аб’ёмы гандлю пачалі аднаўляцца, вырасьлі на 24% да папярэдняга году ( і засталіся на 31% меншымі за 2012-ы).
Найбольш абсалютныя аб’ёмы экспарту ў грашовым выражэньні з 2015 па 2017 гады ўпалі ў Вялікую Брытанію (–18%, –533,2 млн даляраў), Кітай (–54,6%, –418,3 млн), Латвію (–41,3%, –247,2 млн), Азэрбайджан (–47,3%, –135,2 млн), Літву (–11,8%, –113,8 млн), Бразылію (–15,5%, –80,8 млн), Нідэрлянды (–3,8%, –44 млн), Віетнам (–35,1%, –35,1 млн), Інданэзію (–34,8%, –34,8 млн) і Славакію (–33,7%, –33,7 млн). Ва ўсіх гэтых краінах ёсьць беларускія амбасады.
Адчувальныя падзеньні экспарту — больш як на 20% і 20 млн даляраў — таксама ў Італію, Чэхію, Туркмэністан і Эгіпэт, дзе Беларусь мае амбасады, і ў Банглядэш, дзе беларускай амбасады няма.
Больш як на дзьве траціны (пры меншых аб’ёмах) экспарт упаў у Судан (–31,5 млн), Туніс (–10,1 млн), Эфіёпію (–9,9 млн) і Ўганду (–4 млн), больш як на 90% – у М'янму (–31,7 млн) і Ірак (–28,4 млн). У гэтых краінах амбасадаў няма.