Беларускі прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў на паседжаньні Савету міністраў «Саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі заклікаў расейскага калегу Дзьмітрыя Мядзьведзева да «канкрэтных і канструктыўных» рашэньняў у пытаньнях гандлёвай канкурэнцыі, піша БЕЛТА.
Як казаў Андрэй Кабякоў Дзьмітрыю Мядзьведзеву, «гэта нашая агульная задача – знайсьці ўзаемавыгадны кампраміс дзеля забесьпячэньня справядлівай і роўнай канкурэнцыі».
Паводле БЕЛТА, зь беларускага боку ёсьць пытаньні па пастаўках на расейскі рынак беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама да ўдзелу беларускіх прадпрыемстваў у зборцы тэхнікі ў Расеі, а расейскі бок мае пытаньні да дзяржаўных закупак і праграмаў субсыдыяваньня. Як казаў Кабякоў, «з пэўных прычынаў ёсьць адрозьненьні ў падыходах да рашэньня дадзеных пытаньняў».
«Нам трэба і далей рухацца ў бок ліквідацыі перашкодаў для доступу тавараў і паслугаў, ствараць роўныя правілы для вядзеньня бізнэсу, — цытуе ТАСС адказ Мядзьведзева. — Адпаведнае рашэньне мы сёньня замацуем у пастанове Савету міністраў Саюзнай дзяржавы».
Мядзьведзеў параіў «слухаць і чуць» прадпрымальнікаў, заявіў пра давер беларусаў расейскаму рублю
Акрамя таго, Мядзьведзеў заклікаў ствараць на тэрыторыі Расеі і Беларусі ўмовы для вытворчасьці экспартаарыентаваных тавараў (ці маецца на ўвазе экспарт за межы Беларусі і Расеі, ці між імі, не ўдакладнялася), пры гэтым працаваць разам зь бізнэсоўцамі, «слухаць і чуць прапановы прадпрымальнікаў». Кабякоў прапанаваў Мядзьведзеву ўзгадніць «лічбавую павестку» – навукова-тэхнічную супрацу – як прыярытэтны напрамак.
Расейскі прэм’ер заўважыў, што таваразварот між Беларусьсю і Расеяй вяртаецца на дакрызісны ўзровень: за 2017 год таваразварот вырас на 23,5% да мінулага году, за першыя чатыры месяцы 2018-га вырас на 17% да аналягічнага пэрыяду год таму.
«Значным вынікам» ён назваў тое, што 83% плацяжоў у мінулым годзе ва ўзаемных разьліках між Беларусьсю і Расеяй праводзіліся ў расейскіх рублях, «што кажа пра пэўны давер да расейскай нацыянальнай валюты і зьніжае залежнасьць ад зьнешняй кан'юнктуры».
***
«Мы за каапэрацыю ў эканоміцы, адзіны рынак, за тое, каб у нас не было гэтых дурных рознагалосьсяў — малочных, мясных, цукровых войнаў і іншага. Гэта проста сарамоцьце», — казаў месяц таму Аляксандар Лукашэнка, анансаваўшы сустрэчу з Уладзімірам Пуціным.
Між Беларусьсю і Расеяй доўгі час цягнуцца розныя гандлёвыя спрэчкі. Іх небясьпеку ўжо адзначылі міжнародныя аналітыкі: справа ня толькі ў малацэ або мясе, а і ў тым, што спрэчкі могуць закрануць іншыя, у тым ліку «нехарчовыя» галіны эканомікі.