Тры гады таму 39-гадовы беларус Віктар Хамянок і яго сябра пачалі вывучаць робататэхніку — так пачалася кампанія Rozum Robotics. Тут вераць: неўзабаве робаты зьявяцца ў кожным доме. Пакуль жа яны гуляюць у шашкі ў офісе кампаніі і пачынаюць дапамагаць на беларускіх заводах.
Робат-бармэн з маторам ручной працы
Скептыкі кажуць, што штучны інтэлект — зусім ня тое, што ўяўлялі ў 80-я, здымаючы кіно пра чалавекападобных робатаў. Але чаму? Такое пытаньне задаў сабе Віктар Хамянок — і сёньня ён заснавальнік і кіраўнік кампаніі Rozum Robotics, якая першая ў Беларусі стала займацца стварэньнем мэханічнай роба-рукі.
У самой кампаніі сваю прадукцыю называюць кобат, або калябаратыўны робат. Падобныя апараты зьявіліся ў сьвеце толькі ў 2008 годзе і прызначаныя для бясьпечнай працы побач з чалавекам. Кобат рухаецца павольней за прамысловага робата і заўважае перашкоды падчас руху.
Беларускі кобат лёгка навучаецца: маніпулятару дастаткова паказаць патрэбныя пазыцыі ў правільным парадку, націскаючы ў кожнай зь іх кнопку для запамінаньня. Прымяняць такіх робатаў можна на вытворчых прадпрыемствах, але таксама яны могуць дапамагаць у хатняй працы ці нават разьліваць напоі ў бары.
Your browser doesn’t support HTML5
У офісе Rozum Robotics працуе 25 чалавек, крыху менш — на ўласнай вытворчасьці. Супрацоўнікі офісу займаюцца праграмаваньнем і бізнэс-працэсамі, а на вытворчасьці ідзе збор мэханізмаў. Частка зь іх у літаральным сэнсе hand-made: дрот у маторы намотваюць уручную.
На выставы робатаў перавозяць у чорных прастакутных кейсах з мэталічнымі вугламі.
Што расказаць унуку?
Сярэдняя школа Віктара Хамянка прыпала на 90-я, калі грошы імкліва абясцэньваліся, і ў апошні момант сям’я набыла за іх кампутар Santaka. Паўгода хапіла пяціклясьніку, каб вывучыць інструкцыю ледзь не на памяць. Потым, калі надакучылі гульні «Шахматы» і «Тэтрыс», ён спрабаваў праграмаваць і да 9-й клясы ператварыўся ў кампутарнага экспэрта.
«Што мы можам яму даць? Ён ведае больш за нас!» — разводзілі рукамі настаўнікі перад алімпіядай.
У школе Віктар прачытаў усе фантастычныя кнігі ў бібліятэцы роднага Браслава, пасьля — усе кнігі па робататэхніцы. Пазьней скончыў БДУІР і працаваў праграмістам, а ў 25 гадоў кінуў працу з высокім заробкам. Ня маючы вялікіх запасаў грошай, у 2005 годзе ўзяўся ствараць кампанію BelPrime, якая і да сёньня распрацоўвае праграмнае забесьпячэньне для інтэрнэт-маркетынгу.
«У лепшыя часы ў нас працавала 75 чалавек, мы займалі першыя месцы ў конкурсе „Лепшая ІТ-кампанія Беларусі“ побач з EPAM, мы прадавалі софт па ўсім сьвеце. І вось праз 10 год я сышоў», — кажа Віктар і тлумачыць гэта крызісам сярэдняга ўзросту.
«Я зразумеў: пасталею і выйду на пэнсію, пасаджу ўнука на калені... І распавяду, як рабіў софт? Гэта здалося настолькі сумным, што я пакінуў кампанію на партнэра і задумаўся, чым займацца. Можа, робатамі, пра якіх я марыў усё жыцьцё?»
«У Беларусі з робататэхнікай кепска»
Тры гады таму Віктар са старым сябрам-інжынэрам нанялі кватэру і набылі абсталяваньне: ад асцылёграфа да 3D-прынтэра.
«Год мы сядзелі і намагаліся зразумець, што такое робататэхніка, бо ня ведалі пра яе нічога. Будзем шчырымі, у Беларусі з робататэхнікай кепска, няма ў каго ўзяць такую інфармацыю. Даводзілася шмат чытаць, пераважна заходнюю тэхнічную літаратуру. Праз паўгода мы намацалі бізнэс-нішу, нанялі офіс і сабралі каманду. Першага робата мы ўшасьцёх зрабілі за 9 месяцаў», — кажа ён.
Сёньня кампанія ня толькі падрыхтавала прататып першай і пакуль адзінай мадыфікацыі калябарацыйнага робата (кобата), але і зрабіла ў траўні адгрузкі на некалькі беларускіх прадпрыемстваў харчовай, абутковай прамысловасьці і са сфэры забаваў. Водгукаў чакаюць у верасьні, на той жа час прызначаны выпуск першай вялікай партыі.
Кошт кобата — 20 000 даляраў
Кампанію стварылі на ўласныя грошы і да сёньня не карыстаюцца зьнешнім капіталам, манэтызуючы прамежкавыя вынікі сваёй працы — праграмнае забесьпячэньне. Але ў будучыні плянуюць прыцягнуць інвэстыцыі.
«Гэта дазваляе дасягнуць вынікаў за карацейшы час. Цяпер мы вядзем перамовы з шэрагам фондаў, каб разьвівацца хутчэй», — кажа кіраўнік Rozum Robotics.
Па словах Хамянка, гэта патрэбна, бо іхні сэгмэнт рынку хутка разьвіваецца і за наступныя 10 год можа вырасьці нават у 10 разоў. Адзін кобат каштуе 20 тысяч даляраў. Тэрмін акупнасьці ў Эўразьвязе складае каля 9 месяцаў, у Беларусі пры меншым узроўні заробкаў можна разьлічваць на 1–3 гады.
Плюс кобата — стабільная якасьць: у яго ніколі не баліць галава, і ён працуе 24/7. Але, па словах Віктара, беларусы часта разважаюць: таньней наняць спэцыяліста з вышэйшай адукацыяй, нават калі адукацыя не адпавядае патрэбам.
«Ні робаты, ні людзі не гатовыя да ўзаемнага пранікненьня»
На сусьветным рынку ёсьць 10–15 кампаній з падобным прадуктам, сур’ёзных канкурэнтаў 2–3, ніводнага зь іх няма на тэрыторыі СНД, кажа Віктар Хамянок.
Пры стварэньні кобатаў у Rozum Robotics мала абапіраюцца на прынцыпы працы прамысловых мэханізмаў, дый зьнешне кобат мала іх нагадвае.
«Мы намагаемся экспэрымэнтаваць з больш складанымі з гледзішча праграмаваньня альгарытмамі навучаньня робатаў. Робім гэты працэс максымальна простым для чалавека», — кажа Хамянок.
Беларускі стартап таксама захапляецца галасавым навучаньнем. Яны працуюць над тым, каб робату можна было проста сказаць: «Дай чырвоны флямастар» — і ён бы выканаў каманду.
«Навошта мы гэта робім? Для нас увядзеньне робатаў на прадпрыемства — прамежкавы крок. Хутка робат будзе стаяць у кожнай хаце. Але гэта адбудзецца праз 5–10 год, бо пакуль ні робаты, ні людзі не гатовыя да ўзаемнага пранікненьня. І мы рыхтуемся быць наперадзе ўсіх».
Доўгатэрміновая стратэгія кампаніі — набыць экспэртныя веды для таго, каб зрабіць робатаў максымальна зручнымі і нават чалавечнымі.
«Я насамрэч люблю Беларусь»
Днямі Rozum Robotics атрымала сэртыфікат рэзыдэнта Парку высокіх тэхналёгій і зрабілася там адной зь першых па-сапраўднаму хардвэрных кампаній — тых, якія займаюцца распрацоўкай і вытворчасьцю прыладаў.
Паводле Хамянка, вытворцы прыладаў з выкарыстаньнем высокіх тэхналёгій пакуль не такія вядомыя ў Беларусі, як распрацоўшчыкі праграмнага забесьпячэньня, а заробкі ў інжынэраў ніжэйшыя, чым у праграмістаў. Віктар спадзяецца, што неўзабаве будзе інакш.
«Інжынэрныя стартапы складана рабіць паўсюль. Як кажуць, hardware is very hard. Але з шэрагу прычын я выбраў застацца ў Беларусі. Ірацыянальная — я насамрэч люблю Беларусь і хачу нешта зрабіць для яе. Рацыянальная — тут вельмі шмат інжынэраў, і яны вельмі недаацэненыя. Часта выдатны інжынэр робіцца толькі дзеля заробку пасрэдным праграмістам. Мы жадаем узьняць заробкі інжынэраў да такога ж высокага ўзроўню, каб зьявілася другая элітная праслойка», — кажа заснавальнік Rozum Robotics.
Яшчэ адна праблема ў вытворчасьці разумных робатаў — камплектуючыя. Кампанія спрабавала карыстацца падраднымі працамі, але ў выніку інвэставала ва ўласную вытворчасьць, каб не рызыкаваць дакладнасьцю і тэрмінамі.
Сэрца робата — сэрваматор — цалкам уласная распрацоўка беларускай кампаніі, ад канструкцыі да вытворчасьці амаль усіх дэталяў, за выняткам хвалевага рэдуктара. Звычайна памер аналягічнага рухавіка ў 3 разы большы.
«Мая праца супадае з хобі»
Пра свой вольны час Віктар адказвае задуменна: чытаць любіць, але на мастацкія кнігі часу амаль не застаецца, толькі тэхнічную літаратуру.
«Да таго ж мая праца супадае з хобі, і ня ведаю, добра гэта ці кепска... Я не хаджу на працу, чакаючы канца працоўнага дня. Але я моцна засяроджаны на ёй і ня ўмею пераключацца. Натуральна, што сям’і не хапае маёй увагі. У мяне жонка і трое дзяцей», — кажа ён.
Дзень Віктара пачынаецца а 8-й. Далей сьняданак, навіны, а 10-й — працоўны дзень па загадзя вызначаным графіку. У кампаніі ён займаецца праграмаваньнем, вырашае задачы па разьвіцьці і маркетынгу. Праца заканчваецца а 20–21 гадзіне, і рэшта вечара праходзіць дома. Потым Віктар крыху чытае перад сном.
Хамянок адносіць сябе да тэхнааптымістаў і ўпэўнены, што зробіць усё, што ад яго залежыць, дзеля лепшай будучыні ўсяго чалавецтва.
«Я мару жыць у будучыні, дапамагчы чалавецтву прыйсьці ў яе — у такую будучыню, дзе жыць проста і цікава, дзе кожны займаецца любімай працай і раскрывае свой талент. Я зраблю ўсё магчымае, каб гэта сапраўды было так».