Кітайскі завод пад Сьветлагорскам паабяцалі запусьціць бяз выкідаў, але гэта не дакладна

Завод сульфатнай беленай цэлюлёзы каля вёскі Якімава Слабада, 2017 год

7 ліпеня ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» пачаў пусканаладачныя працы на вытворчасьці беленай цэлюлёзы. У тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі дачныя ўчасткі і сельскагаспадарчыя надзелы.

Што важна ведаць?

  • 25 сьнежня 2017 году жыхары вёскі Якімава Слабада выйшлі на пратэст, патрабуючы вырашыць праблему са «сьмярдзючым заводам».
  • Першы смурод у Якімавай Слабадзе і Сьветлагорску пачалі адчуваць у лістападзе 2017 году пасьля першых пусканаладачных работ.
  • Вытворчасьць беленай цэлюлёзы нясе выкіды мэтыльмэркаптану, які ў вялікіх дозах можа выклікаць сьмерць.
  • Кіраўніцтва заводу запэўнівае, што новы завод будзе экалягічна чыстым.
  • За 20 мэтраў ад заводу знаходзяцца парнікі Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі, якая не ўключана ў санітарна-абарончую зону.
  • За 350 мэтраў — вёска Якімава Слабада, яе ў ахоўную зону ўключылі.

Канцэрн Беллесбумпром запэўнівае, што запуск вытворчасьці беленай цэлюлёзы «знаходзіцца пад кантролем». Пры гэтым у канцэрне адзначаюць, што ў тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі:

  • тэрыторыі садаводчых таварыстваў і дачных каапэратываў;
  • парнікі і адкрытыя надзелы Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі;
  • сядзібная жылая забудова вёскі Якімава Слабада.

«Зноў гэты смурод! Нас ратуе толькі моцны вецер». Пад Сьветлагорскам запускаюць кітайскі завод

За станам стана навакольнага асяродзьдзя мусяць сачыць:

  • ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат»;
  • Міністэрства прыродных рэсурсаў;
  • Міністэрства аховы здароўя.

21 чэрвеня жыхары дамовіліся разам з уладай сачыць за пусканаладачнымі работамі на заводзе. Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Галіна Філіповіч прапанавала ўключыць у склад незалежнай камісіі вяскоўцаў і прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы па маніторынгу сытуацыі з заводам. Ініцыятыўную групу па маніторынгу сытуацыі з заводам на запуск вытворчасьці не запрасілі, піша БелаПАН са спасылкай на праваабаронцу Алену Маслюкову.

«Жыхары Якімавай Слабады ўжо сёньня а 5:30 адчулі непрыемны водар. Ён быў ня моцны, але гэта хутчэй усё праз вецер. Смурод гуляў па вёсцы. Асабліва востра непрыемны водар адчуваўся ў раёне агароднінай фабрыкі», — адзначыла Маслюкова.

Завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам пачалі тэрмінова дабудоўваць да 7 лістапада, бо на адкрыцьцё павінен быў прыехаць сам кіраўнік дзяржавы. Самі будаўнікі прызнаваліся, што праз такія кароткія тэрміны якасьць будаўніцтва была не найлепшай.

Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.

У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва. Але праект быў распачаты. Летась у лістападзе запусьцілі завод у тэставым рэжыме. Потым праца была спыненая. Пазьней кітайцы зьехалі на свае навагоднія вакацыі, якія расьцягнуліся ня менш, як на месяц.