У судзе Савецкага раёну Менску 10 ліпеня мае пачацца суд над журналістам і блогерам Зьмітром Галко.
Зьмітру вінавацяць у гвалце супраць супарцоўніка міліцыі, яму пагражае пакараньне да 6 гадоў зьняволеньня.
Перад судом яго з Жодзінскай турмы № 8 перавялі ў менскі сьледчы ізалятар № 1, што на вуліцы Валадарскага.
У Жодзінскай турме, дзе ён адбыў каля двух месяцаў, умовы ўтрыманьня былі больш жорсткія, кажа Свабоды бацька абвінавачанага журналіста Мікалай Галко.
«Цяпер ён можа выходзіць на прагулкі, на „Валадарцы“ ўсё ж парадкі лепшыя», — зазначыў бацька Зьмітра.
Мікалай Галко раней расказваў пра пагаршэньне стану здароўя сына праз тое, што той не выходзіў на прагулкі на сьвежым паветры. Ад шпацыраў Зьміцер адмовіўся таму, што, на ягоную думку, «у Жодзінскім СІЗА гэта суправаджаецца зьняважлівым для вязьняў абыходжаньнем з боку ахоўнікаў».
«Там выводзяць у турэмны дворык, нахіляючы вязьня галавой да каленяў, як пажыцьцёва зьняволеных. Гэтак абыходзяцца з усімі вязьнямі, у тым ліку з тымі, каго яшчэ не судзілі. Вось Зьміцер і адмовіўся ад такіх прагулак. Але ў яго пачала балець галава, бо не хапае сьвежага паветра. Перадалі яму лекі, у прыватнасьці цытрамон, але ня ведаем, ці дапамагло», — кажа пра сына Мікалай Галко.
Швэдзкі ПЭН-цэнтар запатрабаваў вызваліць Дзьмітрыя Галко
Зьміцер Галко абвінавачваецца ва ўжываньні гвалту ў дачыненьні супрацоўніка міліцыі. Інцыдэнт адбыўся ў лістападзе 2017 году ў менскай кватэры, дзе Зьміцер Галко жыў з сынам Янам. Падчас сьвяткаваньня дня народзінаў сына нехта з суседзяў выклікаў міліцыю з прычыны шуму. Зьміцер адчыніў дзьверы. Пасьля гэтага, паводле вэрсіі сьледзтва, у яго здарыўся канфлікт зь міліцыянтам, быў разьбіты мабільны тэлефон супрацоўніка ўнутраных органаў. Галко на гэта казаў, што толькі трымаў міліцыянта за руку.
Зьмітру пагражае пакараньне да 6 гадоў зьняволеньня.
Пасьля інцыдэнту Зьміцер і Ян зьехалі ва Ўкраіну. 22 красавіка падчас вяртаньня ў Менск Зьміцер Галко быў затрыманы на беларуска-ўкраінскай мяжы і ад таго часу знаходзіцца пад вартай.
Віны не прызнае
Паводле бацькі арыштаванага журналіста, ён віны не прызнае і гатовы абараняцца на судзе.
Абараняць Галка будзе адвакатка Натальля Мацкевіч.
«Ведаю, што яны ўжо распрацавалі лінію абароны, паспрабуюць даказаць суду, што насамрэч там не было ніякага нападу, а проста былі дзеяньні, якія ёсьць дробным хуліганствам, што Зьміцер прызнаваў і за што ўжо адбыў адміністрацыйны арышт,— кажа бацька. — Паказаньні супраць яго будуць даваць 6 міліцыянтаў, якія прыяжджалі на выклік, а яшчэ суд апытае як сьведак юнакоў, сяброў сына Зьмітра, якія былі ў кватэры ў той момант. Спадзяюся, суд параўнае паказаньні бакоў і прыме справядлівае рашэньне», — заявіў Свабодзе Мікалай Галко.
Паводле Галко-старэйшага, Зьміцер у лістах падбадзёрвае бацькоў і шле вітаньні сябрам і знаёмым. Спатканьняў з бацькамі за час сьледзтва Зьмітру Галко не дазволілі.
Зьміцер Галко — журналіст і блогер, які супрацоўнічаў з шэрагам незалежных СМІ, у тым ліку як журналіст асьвятляў вайну на Данбасе.