Абсалютна відавочна, што Кітай ужо некалькі гадоў адыгрывае значна большую ролю, чым раней, у зьнешняй палітыцы Беларусі, прычым як у эканамічнай, гэтак і ў палітычнай сфэрах. Высокія, у тым ліку і самыя высокія, госьці зь Менску рэгулярна наведваюць Пэкін, кітайскія сябры прыяжджаюць у Беларусь. Створаны кітайскі індустрыйны парк пад Менскам, наладжаны выпуск кітайскіх аўтамабіляў, кітайскія і беларускія вайсковыя канструктары стварылі ракетны комплекс «Палянэз».
Аляксандар Лукашэнка ў самых цёплых словах гаворыць аб стратэгічным партнэрстве Беларусі і Кітаю, яго сын віншуе кітайскі народ са сьвятамі, кітайская мова зьявілася ў надпісах у аэрапорце Менск-2, кітайскія салдаты дэфілююць на парадзе ў Менску 3 ліпеня.
Пры гэтым калі з Расеяй адносіны рэгулярна псуюцца, пэрыяды бясхмарнага сяброўства зьмяняюцца скандаламі і гандлёвымі «войнамі», то з Кітаем вонкава стасункі ледзь не ідылічныя.
І ўсё гэта адбываецца на тле імклівага росту эканамічнай, вайсковай і палітычнай вагі Кітаю ў сьвеце.
Але ці вынікае з усіх гэтых фактаў і тэндэнцыяў, што Кітай робіцца роўным Расеі партнэрам Беларусі?
Спробы даць адказ на гэтае пытаньне часам грашаць залішнім журналізмам, як, дарэчы, і ў многіх іншых краінах сьвету. Ах, кітайцы купілі ці збудавалі ў Беларусі завод, ух, Кітай даў Беларусі велізарны крэдыт — заўтра кітайцы ўсё скупяць, выціснуць расейцаў і запануюць у Беларусі.
Як у анэкдоце часоў позьняга СССР. У Парыжы, на скрыжаваньні праспэкту Мао Цзэдуна і вуліцы Чжоў Эньлая, адзін француз кажа другому: Ведаеце, пры рускіх было значна лепш.
Мо і запануюць некалі. Але няхутка. Укладаюць грошы — дык яны па ўсім сьвеце ўкладаюць. І ня толькі ў Афрыцы і Цэнтральнай Азіі, дзе іх эканамічная прысутнасьць сапраўды значная, але і ў Эўропе, і ў ЗША. Летась КНР інвэставала ў Нямеччыну рэкордную суму 14 мільярдаў даляраў. Сёлета кітайскія інвэстыцыі ў ЗША, праўда, абрынуліся на 92% з прычыны гандлёвай вайны Пэкіну і Вашынгтону, але яшчэ пару гадоў таму складалі дзясяткі мільярдаў даляраў.
Так што адна і нават некалькі зьдзелак з удзелам кітайскага капіталу ня робяць эканамічнага надворʼя. Ну і галіны, якія дастаюцца кітайцам у Беларусі — ня тыя, якія вызначаюць шлях. Прадалі б ім, скажам, «Беларуськалій», МАЗ ці нафтаперапрацоўчыя заводы, наклалі б яны сваю лапу на ПВТ — тады можна было б казаць, што так, кітайцы прыйшлі.
Адчуваньне прыходу Pax China у Беларусь тлумачыцца, напэўна, двума фактарамі. Першы — гэта банальны расізм. Культурна Кітай усё ж ад беларусаў вельмі далёкі, ніякіх гістарычных каранёў іх прысутнасьць ня мае. Таму масавая сьвядомасьць успрымае іх прыход больш востра, чым успрымала б чый-небудзь іншы, больш культурна і гістарычна звыклы.
А другі фактар — гэта беларуская дзяржаўная палітыка. Беларуская дзяржава стварае адчуваньне значна большай кітайскай прысутнасьці, чым яна ёсьць насамрэч. Ці то для таго, каб паказаць Маскве, што для Беларусі не адна яна сьвятло ў акенцы, ці каб паказаць тым самым кітайцам, як іх любяць у Менску. А за дабро варта плаціць дабром. Ці хаця б проста плаціць. Прыемна, напэўна, кітайцам, калі ў краіне на далёкім паўночным захадзе да іх ставяцца так шчыра.
Ну а зараз — пра рэальнасьць. Паглядзім на ключавы сумарны паказьнік двухбаковых адносінаў, на ўзаемны гандаль.
Вось як выглядае «вага» Расеі ў зьнешнім гандлі Беларусі.
Крыніца: Белстат
Як бачым, у канцы 90-х — на пачатку нулявых доля Расеі ў зьнешнім гандлі Беларусі складала прыкладна 60%, а зь сярэдзіны нулявых па сёньняшні дзень каля паловы ўсяго зьнешнегандлёвага абароту Беларусі прыпадала на Расею.
Пры гэтым з пачатку тысячагодзьдзя доля Расеі ў імпарце ў Беларусь даволі істотна перавышала яе долю ў экспарце Беларусі. У некаторыя гады разрыў быў ледзь не двухразовы, апошнімі гадамі ён заўважна зьменшыўся. Парадаксальным чынам у сэнсе гэтых доляў бакі летась вярнуліся да суадносінаў, якія былі 22 гады таму: цяпер доля Расеі ў экспарце — 44%, тады была 46%, у 2017 годзе доля Расеі ў імпарце была 57%, 22 гады таму — 53%.
Ну а зараз — да гандлю Беларусі зь нібыта «другой Расеяй», новым «старэйшым братам», сувымерным з Расеяй партнэрам Беларусі.
Крыніца: Белстат
Неяк сувымернасьцю і ня пахне. Доля гандлю з Расеяй у зьнешнім таваразвароце Беларусі на працягу дзесяцігодзьдзяў вагалася прыблізна ў раёне 50%, часам дасягаючы 60%. Так, гандаль з Кітаем за 22 гады рос выбухападобна, ад фактычнага нуля да заўважных лічбаў. Але якіх? Да «магутных» 3-5% ад агульнага таваразвароту. Прынамсі ў 10 разоў менш, чым з Расеяй. І гэта эканамічная супрацьвага Расеі, «старэйшы брат», як гэтае паняцьце ні разумець? 50% і 5% — гэта ўсё ж розныя вагавыя катэгорыі.
Аналіз апошняга графіку паказвае, за кошт чаго адбыўся «кітайскі цуд» у беларускім зьнешнім гандлі. Адказ да болі банальны — за кошт імклівага росту долі кітайскага імпарту. У апраўданьне можна сказаць, што не адна Беларусь сутыкнулася з гэтым, шырокі паток кітайскага шырспажыву залівае ўвесь сьвет. Гэта не ў дакор кітайцам. Ну такія ў іх тавараў суадносіны цана/якасьць. Ня будзем нават фіксавацца на нейкіх асаблівасьцях кітайскага бізнэсу і магчымасьцяў допуску да кітайскага рынку.
Некаторыя, напрыклад, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, на гэтым фіксуюцца, абвясьціўшы Кітаю гандлёвую вайну. Ну а мы нават і ня будзем. Проста канстатуем, што ніякага збалянсаванага росту гандлю паміж Беларусьсю і Кітаем не назіраецца. Доля Кітаю ў беларускім экспарце складала летась нават менш, чым у далёкім 1996 годзе. Потым гэтая доля часам падвышалася, але не нашмат (пару разоў амаль да 3%), а ў сярэднім складала каля 2%.
Пры гэтым доля Кітаю ў беларускім імпарце вырасла за лічаныя гады вельмі значна, да 8%. «Але вось калі гэтая тэндэнцыя працягнецца, то...» — кажуць прыхільнікі «павароту да Кітаю». Каторая тэндэнцыя? Калі тэндэнцыя росту долі Кітаю ў экспарце, то такой тэндэнцыі проста няма, яна не расьце. Калі гэтак жа імкліва будзе працягваць расьці доля Кітаю ў імпарце, то ці ўжо так шмат радасьці гэта прынясе беларусам?
Як было адзначана вышэй, у 2017 годзе доля РФ у імпарце РБ была на чвэрць большая, чым доля Расеі ў экспарце Беларусі. З Кітаем адпаведная доля ў імпарце ў 2017 годзе была ў 4 разы большая, чым доля ў экспарце.
Як кажа ўкраінскі алігарх Ігар Каламойскі, «жыцьцё — як крама: бяры, што хочаш, толькі ў канцы — каса».
Калі «кітайскі цуд» беларускай эканомікі працягнецца ў той форме, у якой ён назіраецца, беларусы могуць апынуцца перад касай даволі хутка.
Дарэчы, пра Ўкраіну. Цікава параўнаць яе вагу ў зьнешнім гандлі Беларусі з расейскай і кітайскай.
Крыніца: Белстат
На сытуацыю з Кітаем падобна ў сэнсе няўхільнага, хаця і менш імклівага, росту долі краіны ў таваразвароце Беларусі. І паводле памеру гэтай долі — сувымерна, доля Кітаю ў 2017 годзе — 4.9%, доля Ўкраіны — 7.2%. Прыкладна вагі роўныя.
Але пра Ўкраіну чамусьці ніхто ня кажа, як пра эканамічную альтэрнатыву Расеі. Хаця апошні графік у нечым тлумачыць, чаму ў сэнсе палітыкі Беларусь адносна Ўкраіны ня цалкам ідзе ў фарватэры Расеі. 7% ад таваразвароту — гэта заўважная лічба. Прынамсі, для таго, каб дэманстраваць прыязнасьць. Кітайцам дэманструюць і за меншае.
Наконт Украіны варта яшчэ дадаць, што балянс гандлю зь ёй лепшы, чым і з Расеяй, і з Кітаем. На ўсіх графіках прыводзяцца ня самыя лічбы экспарту і імпарту (хаця з Украінай і сальда на карысьць Беларусі), а долі адпаведнай краіны ў тым і другім. Апошні графік паказвае хутчэй рост залежнасьці Ўкраіны ад Беларусі, чым адваротнай залежнасьці.
Вяртаючыся да беларуска-кітайскіх адносінаў, варта сказаць, што пакуль вага Кітаю ў беларускай эканоміцы ня проста меншая, а несувымерна меншая, чым Расеі, яна прыкладна такая самая, як вага Ўкраіны.
Стварэньне ілюзіі магутнай кітайскай прысутнасьці, магчыма, і служыць нейкім карысным мэтам. Але варта хаця б усьведамляць, што гэта менавіта ілюзія. Як і тое, што рост узаемнага гандлю ў апошнія гады забясьпечаны практычна выключна за кошт росту долі Кітаю ў беларускім імпарце. Кітайцаў гэта, напэўна, можа цешыць. У беларусаў цешыцца гэтым падставаў крыху менш.