У Магілёве падчас трэніроўкі патануў у Дняпры гадаванец цэнтру алімпійскага рэзэрву вясьлярных відаў спорту. На 14-гадовым хлопцу не было ратавальнай камізэлькі, і калі човен перавярнуўся, ён сам выплысьці ня змог. Трэнэр жа суправаджаў на маторнай лодцы іншых юных спартоўцаў, якія вырваліся наперад.
Сьледчы камітэт: службовыя асобы цэнтру ня спраўдзілі, ці маюць спартоўцы ратавальныя камізэлькі
Міжраённы аддзел Сьледчага камітэту распачаў крымінальную справу паводле прыкметаў службовай нядбайнасьці (артыкул 428 Крымінальнага кодэксу).
Паводле абласнога ўпраўленьня Сьледчага камітэту, службовыя асобы Магілёўскага абласнога цэнтру алімпійскага рэзэрву вясьлярных відаў спорту «не забясьпечылі належнае правядзеньне інструктажаў па тэхніцы бясьпекі, прафіляктыцы траўматызму, папярэджваньні няшчасных выпадкаў, а таксама наяўнасьць у кожнага спартоўца-навучэнца ратавальнай камізэлькі падчас заняткаў».
Таварыства ратаваньня на вадзе: Шукалі тапельца з гадзіну
Здарэньне адбылося 26 чэрвеня. Тое, як перакуліўся човен, бачыў рыбак, піша Tut.by. Ён нібыта прапанаваў хлопцу дапамогу, але той адмовіўся. Мужчына пазваніў ратавальнікам.
У Таварыстве ратаваньня на вадзе, супрацоўнікі якога займаліся пошукам тапельца, нам пацьвердзілі: хлопец быў бяз сродкаў бясьпекі. Акрамя таго, адзначылі там, абутак спартоўца быў прымацаваны да чоўна. Адну нагу ён вызваліў, але з другой так зрабіць адразу не ўдалося. Пэўны час хлопец трымаўся за човен. Калі адпусьціў і паспрабаваў плысьці, то патануў.
«Зразумела, ён спалохаўся. Глынуў вады і пайшоў на дно. Шукалі з гадзіну», — сказалі ў Таварыстве ратаваньня на вадзе.
Маці аднаго з навучэнцаў цэнтру: некаторыя самавольна здымаюць камізэлькі
Патанулы хлопец быў адзіным дзіцем у сям’і. У першай гімназіі Магілёва, дзе ён вучыўся, гаварыць пра здарэньне ня хочуць. Высьветліць удалося, што завуць хлопца Вячаслаў. У веславаньне ён пайшоў год таму. Маці працуе ў паліклініцы, а бацька робіць электрамантажнікам. Хаваць хлопца будуць 28 чэрвеня на радзіме маці ў Чавускім раёне. У школе зьбіраюць грашовую дапамогу сям’і.
Як сказала маці аднаго з навучэнцаў цэнтру, усе, хто трэніруецца на вадзе, атрымліваюць ратавальны рыштунак. Яго надзяюць на беразе, але, адплыўшы, некаторыя самавольна скідаюць яго зь сябе, бо ён «замінае веславаць». Тое самае, паводле жанчыны, мог зрабіць і хлопец, які патануў.
У самім цэнтры гаварыць пра здарэньне адмовіліся. Сказалі толькі, што трэніроўкі пакуль прыпыненыя. Паводле супрацоўнікаў, дырэктар у замежнай камандзіроўцы. Трэнэрка дае тлумачэньні ў Сьледчым камітэце.
Кіруе цэнтрам алімпійскі чэмпіён 1992 году Аляксандар Масяйкоў. Тут праходзяць падрыхтоўку 400 спартоўцаў.