10 чалавек узялі ўдзел у акцыі «Астравецкі шлях» у Радашкавічах

Намесьнік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Зьміцер Кучук

Каля 10 чалавек прыйшлі 26 чэрвеня на акцыі «Астравецкі шлях» у Радашкавічах. Яны ўсклалі вянок да помніка Янку Купалу, аднак прадстаўнікі праваахоўных органаў і мясцовай адміністрацыі папярэдзілі ўдзельнікаў, што калі яны не разыдуцца, іхныя дзеяньні будуць трактавацца як несанкцыянаванае мерапрыемства.

Пра гэта паведаміў БелаПАН намесьнік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Зьміцер Кучук. Удзельнікі акцыі не змаглі правесьці паседжаньне круглага стала, бо кавярня, у якой яно плянавалася, была раптоўна закрытая. «Улады блякуюць усе актыўнасьці ў правядзеньні Астравецкага шляху», — заявіў палітык.

У Радашкавічах першапачаткова плянаваліся шэсьце і мітынг, аднак Маладэчанскі райвыканкам адмовіў у іх правядзеньні.

Чыноўнікі абгрунтавалі адмову тым, што былі парушаныя тэрміны падачы заяўкі — яна была зарэгістраваная ў выканкаме 12 чэрвеня.

«Рашэньне дзіўнае. Бо заяўка была накіраваная ў Маладэчанскі райвыканкам заказным лістом 11 чэрвеня, гэта значыць у вызначаныя законам тэрміны — за 15 дзён да правядзеньня акцыі», — сказаў Кучук.

Сёлета аргкамітэт Чарнобыльскага шляху (які штогод праходзіць 26 красавіка, у гадавіну аварыі на ЧАЭС) вырашыў праводзіць акцыі кожны месяц 26-га ў гарадах і пасёлках, разьмешчаных паміж Менскам і Астраўцом: у Заслаўі, Радашкавічах, Маладэчне, Вілейцы, Смаргонях, Ашмянах. Сэрыя акцый павінна завяршыцца 26 лістапада ў Астраўцы.

Акцыя ў Заслаўі месяц таму таксама не была дазволеная. Адмову ўлады патлумачылі тым, што заяўка павінна была падавацца не ў мясцовы гарвыканкам, а ў Менскі райвыканкам. Аднак 26 траўня ў Заслаўі каля двух дзясяткаў актывістаў розных дэмакратычных партый і арганізацый наведалі памятныя мясьціны гораду і правялі круглы стол па атамнай праблематыцы.

На ўдзельнікаў акцыі — Зьмітра Кучука, Вячаслава Сіўчыка, Ігара Лялькова, Яна Лагвіновіча і іншых — склалі пратаколы паводле артыкулу 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).