Сэрвіс для мабільнай аплаты праз мэсэнджэры Tap2Pay запрацаваў на пачатку 2017 году і ўжо дзейнічае ў 56 краінах сьвету. Cузаснавальнік стартапу 31-гадовы мянчук Яўген Пальчэўскі займаецца ўласнымі праектамі з 2009 году і лічыць, што любімая справа — гэта галоўнае. Гісторыя беларускага айцішніка, які хоча зьмяніць сьвет, — у інтэрвію Свабодзе.
Стартап, які працуе ў 56 краінах сьвету
Школа, мэхмат БДУ — Яўген Пальчэўскі даўно цікавіцца праграмаваньнем. Яго першая праца была зьвязаная з вэб-праграмаваньнем на мове PHP, а першы праект yousticker.com меў за мэту пашырэньне інфармацыі з розных онлайн-плятформ. У 2009 годзе Яўген прадаў яго буйной кампаніі, бо ня меў бачаньня, як разьвіваць далей.
З 2017 году ён зьяўляецца сузаснавальнікам і кіраўніком стартапу Tap2Pay. Ідэя праекту нарадзілася падчас хакатону каля двух гадоў таму. Ён дазваляе плаціць зручна і бясьпечна праз усяго пару пстрыкаў у мэсэнджэры. Летась увесну сэрвіс выкарысталі арганізатары буйной стартап-канфэрэнцыі ў Менску Venture Day Minsk для продажу квіткоў, тады ж ён перамог у беларускім конкурсе Best Startup, які праводзяць у межах штогадовага форуму TIBO.
Леташняя перамога ў міжнародным спаборніцтве стартапаў Belbiz Battle, якое праходзіць у межах Сусьветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Беларусі, прынесла Яўгену вандроўку ў Лёндан, дзе IT-прадпрымальнік расказаў аб праекце патэнцыйным партнэрам і інвэстарам.
Цяпер Tap2Pay на стадыі разьвіцьця. За мінулы год у ім зарэгістраваліся 500 кліентаў, якія выкарыстоўваюць сэрвіс для продажаў і папулярызуюць яго, а за красавік і палову траўня 2018 году — яшчэ 200. Кліенты Tap2Pay працуюць у 56 краінах сьвету, і Яўген лічыць, што стартап мае вялікі патэнцыял: аналягічныя сыстэмы зьяўляюцца самым папулярным каналам плацяжоў у Азіі.
«Мабільны тэлефон пазбавіў людзей нататнікаў і фотаапаратаў, партманэтаў і крэдытных картак. Ужо сёньня 95% транзакцыяў у Швэцыі безнаяўныя», — зазначае кіраўнік праекту.
Сыстэма запомніць картку, якую пазначылі першы раз
«Пакупніку ня трэба адкрываць сайт або ўсталёўваць мабільную праграму, вывучаць інтэрфэйс інтэрнэт-крамы, а ўвесь працэс нагадвае звычайную гутарку ў чаце», — так апісваюць адметнасьць прадукта яго стваральнікі.
Насамрэч сэрвіс можна нашмат больш: ён дапамагае онлайн-бізнэсу прымаць плату празь лічбавыя каналы ў шырокім сэнсе: мэсэнджэры, вэб-сайты, сацыяльныя сеткі...
Аплатнае вакно на сайце зьяўляецца зьверху асноўнага зьместу, і карыстальнік ня мусіць рэгістравацца ні на якіх іншых старонках плацёжных сэрвісаў ці сыстэм.
Тут не зьбіраюць лішніх зьвестак, але, упершыню працуючы з сыстэмай, трэба ўвесьці празь бясьпечную старонку дадзеныя сваёй банкаўскай карткі для плацяжу. Інфармацыя дасылаецца са старонкі ў стандарце бясьпекі PCI/DSS да сэртыфікаванага партнэра.
Для параўнаньня — на найбуйнейшым гандлёвым партале Amazon.com пры кожным плацяжы правераць ваш нумар мабільнага і карткі, адрас уладальніка, і некалькі разоў вам давядзецца ўвесьці captcha, каб паказаць, што вы ня робат.
Яўген Пальчэўскі тлумачыць, што тэхналягічна новых рашэньняў у сэрвісу няма, але ён зьяўляецца сэртыфікаваным аналягам і канкурэнтам кітайскіх сыстэм Alipay і WeChat для эўрапейскага, амэрыканскага ды іншых рынкаў.
Бясьпека інфармацыі перадусім
Як выглядае аплата праз Tap2Pay? Правядзём аналёгію. Чалавек прыходзіць у кавярню і кажа: «Я хачу кавы». Касір адказвае: «Добра, вось тэрмінал — плаціце». Нешта падобнае працуе і на сайце, акно — аплатны тэрмінал, аптымізаваны пад мабільную прыладу і высокую колькасьць кліентаў, але зь мінімальным наборам палёў.
«Пры аплаце праз тэрмінал у вас не пытаюць ні імя, ні нумар мабільнага. Дык чаму на сайце адбываецца інакш? Навошта карыстальніку дзяліцца пэрсанальнай інфармацыяй з крамай, якой яна не патрэбна?» — тлумачыць Яўген Пальчэўскі.
Ён называе захоўваньне дадзеных сур’ёзнай праблемай у Эўропе і ЗША. Уводзяцца санкцыі супраць распаўсюджаньня інфармацыі сацыяльнай сеткай Facebook, у Эўразьвязе ўводзяць GDPR — агульныя правы на абарону інфармацыі, на якія кампанія мусіць абапірацца падчас працы з пэрсанальнымі зьвесткамі.
«І гэта вельмі правільна, — кажа Пальчэўскі. — Ці вы ведаеце, што адбываецца з вашымі дадзенымі, якія пакінулі на сайце? Іх звычайна выкарыстоўваюць далей: могуць перапрадаць ці ўжыць для маркетынгавых мэтаў, хоць вы не дазвалялі».
«Мы мінулі той этап, калі рабілі, што хочацца»
Беларускі стартап паўстаў у выніку грунтоўных дасьледаваньняў рынку, кажа ягоны стваральнік
«Зьяўленьне Tap2Pay — сплянаваны крок. Мы мінулі той этап, калі рабілі, што хочацца, без папярэдняга тэставаньня. Правялі тэставаньне на патэнцыйных карыстальніках і розныя маркетынгавыя дасьледаваньні, а таксама назіралі за рынкам мэсэнджэраў і плацяжоў», — кажа Яўген Пальчэўскі.
Запуску Tap2Pay папярэднічала навучаньне ў аксэлератары Startup Wise Guys у Эстоніі, які дае базавае ўяўленьне пра будову і запуск уласнага прадукту.
Першапачаткова праектам займалася каманда з трох чалавек, плюс яшчэ двое на ўмовах частковай занятасьці. Яна пашырылася з выхадам гатовай вэрсіі прадукту і цяпер складае чатыры чалавекі: два праграмісты, маркетоляг і акаўнт-мэнэджэр.
Tap2pay пачаў шукаць людзей, якія будуць прасоўваць прадукт на міжнародных рынках і ўжо мае іх у Ізраілі, Фінляндыі і Расеі. Разьвіцьцём і продажамі на замежных рынках займаюцца яшчэ два чалавекі.
«У Беларусі людзі ня ўмеюць прадаваць»
Цяпер стваральнікі праекту інвэстуюць у яго ўласныя сродкі, а зь мінулага году пачалі абмяркоўваць інвэстыцыі з вэнчурнымі фондамі. Зусім нядаўна беларусы выйгралі прыз у памеры звыш 30 тысяч даляраў у рамках глябальнай праграмы па падтрымцы стартапаў карпарацыі Visa.
«Мы бачым цікавасьць да нашага сэрвісу ў міжнародных карпарацый, але пакуль ня можам назваць імёны і сумы», — кажа кіраўнік стартапу.
Пошук грошай і супрацоўнікаў мусіць займаць да 70% часу чалавека на пасадзе кіраўніка ІТ-стартапу, лічыць Яўген. Знайсьці добрага тэхнічнага спэцыяліста прасьцей; добрага прадаўца, які зможа працаваць з замежжам, складаней.
«У Беларусі людзі ня ўмеюць прадаваць, як бы гэта ні гучала. Для выхаду на англамоўны рынак не хапае ўменьня гаварыць на адной мове з кліентам ва ўсіх сэнсах, уключаючы разуменьне стэрэатыпаў і звычаяў у краіне пакупніка. Найлепш працу выканае мясцовы жыхар», — лічыць Пальчэўскі.
Такіх шукаюць за мяжой, але пазьбягаюць фрылянсэраў.
«Праца на аўтсорсінгу (на замову. — РС) звычайна азначае, што чалавек працуе таксама на іншую кампанію і ня надта пераймаецца за ваш прадукт, сэрвіс і каманду. Можна сказаць, што гэта менш эфэктыўна. На маю думку, у людзей на фрылянсе свае задачы і мэты», — кажа прадпрымальнік.
У плянах — мільярдны зварот і праца з камунальнымі паслугамі за мяжой
У плянах Tap2Pay разьвівацца на глябальным рынку: у Азіі, Афрыцы, Амэрыцы... Сэрвіс працуе з рознымі спосабамі аплаты: ад банкаўскай карткі да крыптавалютаў. Хоць апошняе пакуль ня дужа папулярнае, прызнаецца Пальчэўскі. У пэрспэктыве ў Tap2Pay інтэгруюць плацяжы праз мабільны балянс і ussd-запыт, папулярныя ў краінах Афрыкі.
«У нас пляны на рынкі зь вялікім абаротам, дзе людзі адкрытыя да інавацыйных прадуктаў. У Вялікай Брытаніі абарот у сфэры электроннай камэрцыі складае 500 мільярдаў на год, у Кітаі крыху меншы. Лідэрам зьяўляюцца ЗША», — лічыць Яўген Пальчэўскі.
Плацяжы праз сэрвіс агульным памерам у мільярды эўра на год яму здаюцца цалкам дасяжнай мэтай у 2022 годзе.
«Што такое мільярд, калі толькі ў названых трох рэгіёнах за год сума транзакцыяў складае 1,5 трыльёна? Гэта ня так шмат», — лічыць стваральнік Tap2Pay.
У сьпісе кліентаў кампаніі цяпер — беларускія ІТ-канфэрэнцыі Emerge і Venture day Minsk, пляцоўка Event Space і бізнэс-хаб Imaguru. Сярод кліентаў за мяжой Пальчэўскі не называе пазнавальных імёнаў, але анансуе: Tap2Pay зацікавіў кампаніі, якія зьбіраюць плату за камунальныя і падобныя паслугі, а таксама кампаніі ў сфэры тэлекамунікацыяў і мабільнай сувязі.
«Яны маюць вялікі патэнцыял. Некаторыя глядзяць у будучыню і разумеюць, што карыстальнік жыве ў мабільнай прыладзе, выкарыстоўвае пераважна мэсэнджэры. Нават пошта паступова адыходзіць на другі плян», — кажа Пальчэўскі.
Галоўны выклік, з якім сутыкаецца стартап падчас свайго росту — спэцыфічнасьць сфэры фінансаў і ў прыватнасьці надзвычай сур’ёзнае стаўленьне да бясьпекі. Сэртыфікацыю трэба прайсьці ў кожнай з краін, дзе яны зьбіраюцца працаваць.
«Напрыклад, трэба шмат зрабіць для выхаду на рынкі Расеі, і мы цяпер вядзем перамовы з банкамі і плацёжнымі сэрвісамі», — кажа Пальчэўскі.
«Рабі тое, чаго ня можаш»
Чым займае дзень суразмоўца? Размовамі з кліентамі і партнэрамі, падпісаньнем дамоваў і партнэрскіх пагадненьняў. Па начох Яўген не працуе.
«Мінуў той студэнцкі час, калі можна было дазволіць такое. Хаця, натуральна, прадукту трэба аддаваць поўны працоўны дзень. 70 гадзін на тыдзень. Але гэта весела. Калі табе падабаецца твая справа, можаш займацца гэтым увесь дзень».
Сузаснавальнік Tap2Pay лічыць, што займацца блізкай сабе справай — самае галоўнае.
«Я б хацеў матываваць людзей рабіць так. Гэта не абавязкова праца, варта не баяцца рэалізаваць сваю ідэю, расказаць аб ёй — час дазваляе гэта. Я бачыў, як дзяўчына, якая памылілася з разьлікам падатковай дэклярацыі і заплаціла па вялізным рахунку, падзялілася праблемай на хакатоне. Яна знайшла праграмістаў, і за 48 гадзін тыя стварылі сэрвіс, які зможа атрымаць і разьвіцьцё, і партнэраў».
Яўгену падабаюцца словы «Рабі тое, чаго ня можаш».
«Шмат хто кажа, што яму трэба велізарны бюджэт, каманда, павучыцца ва ўнівэрсытэце... Але гэта неабавязкова», — кажа ён.
Як выжыць і дасягнуць посьпеху
Лічыцца, што 9 з 10 тэхналягічных стартапаў паміраюць на раньніх стадыях, не дасягнуўшы посьпеху.
«Ці ўпэўненыя вы ў тым, што ў Tap2Pay атрымаецца пазьбегнуць гэтага лёсу?», — пытаемся мы ў Яўгена.
Паводле яго, залежыць ад таго, што назваць посьпехам і з кім параўноўваць. Сярод галоўных крытэраў посьпеху для стартапу суразмоўца называе хуткі рост і вялікі аб’ём рынку, але не заўсёды вялікі даход.
«Напрыклад, кампанія Amazon восем год была ў поўным мінусе, але цяпер гэта адзін з самых пасьпяховых бізнэсаў у сьвеце, аб’ядноўвае каля 10 розных кампаніяў. З іншага боку, ёсьць Uber — раздзьмутая і стратная кампанія, якая дорага каштуе. Чаму? Інвэстары вераць, што яна здолее захапіць вялікую долю рынку і дыктаваць усім свае ўмовы», — лічыць суразмоўца.
Мэта стваральнікаў Tap2Pay — стаць сэрвісам, які будзе шчыльна інтэграваны ў штодзённасьць людзей. Паказьнікам посьпеху тут вымяраецца колькасьцю прадаўцоў і пакупнікоў, што карыстаюцца гэтым прадуктам.
Пасьпяховасьць немагчымая без каманды і цікаўнасьці.
«Цікаўныя людзі могуць дамагчыся вельмі добрых вынікаў. І трэба хутка вучыцца, бясконца самаўдасканальвацца. Людзі, якія былі экспэртамі пяць гадоў таму, ня будуць запатрабаваныя з тымі ж ведамі цяпер. Хіба ў месцах, дзе працуюць на праграмным забесьпячэньні 50-х гадоў», — кажа Яўген Пальчэўскі.