Улады Масквы папярэдзілі пра небясьпеку фан-зоны на ЧС па футболе

Акцыя пратэсту супраць фан-зоны ў Маскве.

Улады Масквы заяўляюць пра «небясьпеку» наведваньня фан-зоны для прагляду матчаў чэмпіянату сьвету па футболе на Вараб’ёвых гарах у дні матчаў, якія выклікаюць павышаную ўвагу гледачоў.

Па словах кіраўніка дэпартамэнту рэгіянальнай бясьпекі Масквы Ўладзіміра Чэрнікава, фан-зона разьлічана на 25 тысяч чалавек, а ў выпадку яе перапоўненасьці могуць узьнікнуць небясьпечныя сытуацыі, — паведамляе «Інтэрфакс».

Фан-зону, у прыватнасьці, на нейкі час зачынялі на ўваход падчас матчаў зборнай Расеі. Бліжэйшы матч расейскай каманды — у панядзелак са зборнай Уругвая. Улады Масквы просяць заўзятараў абраць «альтэрнатыўнае месца» для прагляду гульні, напрыклад бары або рэстараны, і ня езьдзіць на Варабʼёвы горы.

Супраць разьмяшчэньня фан-зоны на Варабʼёвых гарах пратэставала ініцыятыўная група студэнтаў і выкладчыкаў МДУ. Улады Масквы, аднак, вырашылі адкрыць фан-зону там, а не на Чырвонай плошчы. У цэнтры Масквы, аднак, па вечарах у дні матчаў усё роўна зьбіраюцца тысячы заўзятараў. Паводле расейскага закону, гэта зьяўляецца няўзгодненым масавым мерапрыемствам, аднак паліцыя заўзятараў не разганяе.