Украінскі рэжысэр Алег Сянцоў, які працягвае галадоўку ў калёніі ў пасёлку Лабытнангі, абверг словы ўпаўнаважанай па правах чалавека ў Расеі Тацяны Маскальковай пра «лячэбнае галаданьне» і набор вагі. Пра гэта пасьля сустрэчы з Сянцовым паведаміў ягоны адвакат Дзьмітры Дзінзэ.
«Відаць, Маскалькову мог дэзінфармаваць упаўнаважаны па правах чалавека ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе Анатоль Сак, які рэгулярна наведвае Сянцова», — выказаў меркаваньне адвакат.
Паводле Дзінзэ, Сянцоў распавёў, што Сак фатаграфаваў яго, аднак адмовіўся перадаць фота ўпаўнаважанаму па правах чалавека Вярхоўнай Рады Ўкраіны Людміле Дзянісавай, калі яе не пусьцілі ў калёнію і яна прасіла даць зьвесткі пра здароўе Сянцова.
«Кожны дзень Сянцоў п’е па 3,5 літры вады, яму капаюць кропельніцу зь вялікай колькасьцю глюкозы, амінакіслот і пажыўных вітамінных рэчываў. Ніякую галадоўку ён не спыняў», — распавёў Дзінзэ.
Сянцоў утрымліваецца ў асобнай палаце мэдчасткі калёніі, лекары якой робяць усё магчымае для захаваньня яго жыцьця. У яго абвастрыліся праблемы з сэрцам і ныркамі. Як сьведчаць лекары калёніі, крызісная сытуацыя са здароўем рэжысэра можа наступіць у найбліжэйшым часе.