Адзін раз у два гады ў Менск прыяжджае ўсё палітычнае кіраўніцтва Расеі. На пасяджэньне Вышэйшага дзяржсавета (ВДС) Саюзнай дзяржавы. Падобныя паседжаньні — гэта дзяжурны, фармальны рытуал. Ніякіх хоць трохі сур’ёзных рашэньняў на такіх самітах не прымаецца.
У 2016 годзе падчас падобнага паседжаньня ВДС у Менску ўзьнік нават невялікі курʼёз. Справа ў тым, што паводле расейскага заканадаўства, у выпадку адсутнасьці на тэрыторыі РФ прэзыдэнта яго абавязкі часова выконвае прэмʼер-міністар. А тут раптам Уладзімер Пуцін і Дзьмітрый Мядзьведзеў разам прыехалі ў Менск. І калі журналісты папрасілі пракамэнтаваць гэтую сытуацыю прэс-сакратара прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Пяскова, той адказаў: «Пуцін і Мядзьведзеў знаходзіліся на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы». У перакладзе на зразумелую мову гэта азначае, што з пункту гледжаньня Масквы, Беларусь — гэта не замежжа, не другая краіна.
Для Беларусі Саюзная дзяржава зьяўляецца зручным мэханізмам атрыманьня расейскіх эканамічных субсыдый
Тым ня менш прыезд у Менск Пуціна і іншых расейскіх лідэраў — гэта важны сымбалічны жэст, сьвядомая дэманстрацыя. Сэнс яе палягае ў тым, каб паказаць, што РФ па-ранейшаму разглядае Беларусь як свайго галоўнага саюзьніка, што Саюзная дзяржава Беларусі і Расеі ўсё яшчэ існуе. Гэтая прэзэнтацыя саюзьніцкіх прыярытэтаў настолькі важная для Масквы, што дзеля яе ў Менск на пустое пасяджэньне прыбыло ўсё палітычнае кіраўніцтва Расеі. Ня дзіва, што Лукашэнка гэтым моцна ўсьцешаны. Ён заявіў журналістам па выніках перамоваў: «Напэўна, нідзе і ні ў якую краіну вось так усё кіраўніцтва Расеі не прыяжджае, як у Беларусь. Мы гэта цэнім».
Варта адзначыць сам фэномэн існаваньня Саюзнай дзяржавы. Гэты фармат узьнік у зусім іншую эпоху, напрыканцы 1990-х гадоў, калі бурліва разьвіваўся працэс беларуска-расейскай інтэграцыі, Лукашэнка марыў пра атрыманьне крамлёўскага пасаду. Тады Менск і Масква разглядалі мадэль Саюзнай дзяржавы як кароткі прамежкавы этап на шляху да канчатковай мэты: абʼяднаньне ў адну дзяржаву.
Эпоха зьмянілася, а фармат застаўся. Але цяпер ён выконвае зусім іншую функцыю. Для Беларусі Саюзная дзяржава зьяўляецца зручным мэханізмам атрыманьня расейскіх эканамічных субсыдый. А для Расеі гэта інстытут — важны сродак кантролю над саюзьнікам, каб той раптам ня зьбег на Захад.
Перамовы ў Палацы Незалежнасьці былі адносна кароткімі. З тых афіцыёзна-дыпляматычных заяваў двух лідэраў (усё добра ў двухбаковых адносінах, а заўтра будзе яшчэ лепш) цяжка зрабіць высновы пра тое ці вырашаныя існуючыя праблемы.
Можна толькі канстатаваць, што сёньня Менск і Масква па-рознаму бачаць парадак дня стасункаў паміж краінамі.
Найперш, Беларусь імкнецца забясьпечыць свабодны і прыярытэтны доступ беларускай прадукцыі на расейскі рынак. Гаворка ня толькі пра харчовыя тавары (малако, мяса). Менск дамагаецца, каб захады ўраду Расеі па абароне нацыянальнага вытворцы не пашкодзілі беларускім прадпрыемствам, каб тавары з Беларусі мелі такія ж льготы на тэрыторыі РФ, як і ўласна расейскія.
Цягам усіх гадоў так званай «беларуска-расейскай інтэграцыі» галоўнай праблемай, вакол якой адбываецца супрацьстаяньне паміж Менскам і Масквою, зьяўляецца пытаньне энэргарэсурсаў. Беларусь, як звычайна, імкнецца атрымаць расейскі газ і нафту на як мага больш ільготных умовах. Гэтым разам усе энэргетычныя пытаньні вырашаны да 2019 г. Цяпер ідуць перамовы пра цэны і ўмовы паставак энэргарэсурсаў у наступныя гады.
Расея ня вельмі давярае саюзьніку
Памежнае пытаньне, праблема ўзаемнага прызнаньня віз апошнімі гадамі стала прадметам нават публічных дыскусій паміж саюзьнікамі.
Яшчэ адной спрэчнай тэмай беларуска-расейскіх адносін становіцца вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Расея адмаўляецца пастаўляць у Беларусь найноўшае ўзбраеньне (самалёты, ракетныя комплексы) нават за грошы. Бо, па-першае, ня вельмі давярае саюзьніку. Па-другое, Масква хоча прымусіць такім чынам Менск на разьмяшчэньне сваіх вайсковых баз на беларускай тэрыторыі.
Акрамя таго, у 2020 годзе заканчваецца тэрмін дзейнасьці пагадненьня аб знаходжаньні ў Беларусі двух расейскіх вайсковых абʼектаў пад Ганцавічамі і Вілейкай. Умовы новага пагадненьня могуць стаць прадметам вострых дыскусій паміж саюзьнікамі.
Ці вось яшчэ адна тэма для рознагалосьсяў. Беларусь не атрымала чарговыя траншы ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця ў памеры 400 млн. даляраў. Яны павінны былі паступіць у першым квартале 2018 году. Хутка закончыцца другі квартал, а грошай няма. Фонд лічыць, што беларускі бок не выканаў усе ўмовы крэдытнай праграмы.
Беларусь плаціць самім фактам саюзьніцтва
Дарэчы, запазычанасьць Беларусі па дзяржаўных крэдытах Расіі на сярэдзіну траўня 2018 года склала 6,3 мільярда даляраў і 60 млрд расійскіх рублёў. У бягучым годзе Беларусь павінна заплаціць Расеі 1 млрд 7,5 млн даляра доўгу за мінулыя крэдыты. Але, як звычайна, Менск будзе прасіць аб рэфінансаваньні запазычанасьці. Гэта значыць, прасіць новы крэдыт.
З свайго боку, Расея хацела б ад Беларусі большай ляяльнасьці, большай падтрымкі замежнай палітыкі Масквы. Бо атрымоўваецца, што ў сваёй канфрантацыі з Захадам Крэмль апынуўся без саюзьнікаў.
Звычайна пасьля чарговых бонусаў з боку Расеі ў беларускіх незалежных мэдыях абмяркоўваецца пытаньне: а чым Беларусь заплаціць Расеі? Справа ў тым, што Беларусь плаціць самім фактам саюзьніцтва. Саюзьнікі патрэбныя і ў міры час. Але асабліва яны запатрабаваныя падчас вайны. А менавіта цяпер Расея вядзе даволі вострую «халодную вайну» з Захадам. У такой сытуацыі за саюзьніцтва цалкам лягічна запатрабаваць большую цану. Што і спрабуе рабіць Лукашэнка. Пакуль незразумела, ці атрымаецца.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.