Што трэба ведаць пра сустрэчу Лукашэнкі з Пуціным і паседжаньне дзяржсавету «саюзнай дзяржавы»

Валянціна Мацьвіенка, Вячаслаў Валодзін, Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін падчас сустрэчы 19 чэрвеня

У менскім Палацы Незалежнасьці 19 чэрвеня прайшло паседжаньне Вышэйшага дзяржаўнага савету «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі, а таксама сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна зь перамовамі ў вузкім складзе.

У чым адметнасьць гэтай сустрэчы?

  • Сустрэча адбылася падчас чарговых «малочных войнаў» Расеі і Беларусі — канфлікту вакол гандлю харчамі.

Калі ў траўні Пуцін запрашаў Лукашэнку ў Расею, запрошаны казаў, што ён «за каапэрацыю ў эканоміцы, адзіны рынак, за тое, каб у нас не было гэтых дурных рознагалосьсяў — малочных, мясных, цукровых войнаў ды іншага», бо «гэта проста сарамоцьце».

Тыдзень таму беларускі прэм’ер Андрэй Кабякоў заклікаў расейскага кіраўніка ўраду Дзьмітрыя Мядзьведзева знайсьці «кампраміс дзеля справядлівай канкурэнцыі» ў гандлі харчамі, адназначнага адказу не атрымаў, толькі пажаданьне «і далей рухацца ў бок ліквідацыі перашкодаў».

Дзьмітры Мядзьведзеў і Андрэй Кабякоў, архіўнае фота

Эўразійская эканамічная камісія якраз 19 чэрвеня мусіла разглядзець пытаньне абмежаваньняў паставак у Расею беларускага малака.

Сьцісла пра сустрэчу Лукашэнкі з Пуціным

  • Лукашэнка выказаў спадзеў на пасьпяховае для Расеі сканчэньне матчу Чэмпіянату сьвету па футболе «Расея-Эгіпет».
  • Пуцін прапанаваў абмеркаваць пытаньні двухбаковых адносінаў, якія засталіся нявырашанымі. Аб чым ідзе гаворка прэс-служба не ўдакладніла.
  • Прэзыдэнты абмеркавалі стан і пэрспэктывы разьвіцьця двухбаковых адносін, рэалізацыю сумесных праектаў, узаемадзеяньне ў інтэграцыйных фарматах і на міжнародных пляцоўках, паведаміла прэс-служба Лукашэнкі.

Вячаслаў Валодзін, Валянціна Мацьвіенка, Дзьмітры Мядзьведзеў, Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка на паседжаньні Вышэйшага дзяржсавету «саюзнай дзяржавы»

Акрамя Пуціна ў Менск прыехалі:

  • расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў;
  • старшыня Савету Фэдэрацыі Валянціна Мацьвіенка;
  • старшыня Дзяржаўнай думы Вячаслаў Валодзін.

Сьцісла пра паседжаньне Вышэйшага дзяржсавету «Саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі

  • Лукашэнка заявіў пра важнасьць ліквідацыі ўзаемных бар’ераў, а таксама стварэньне новага канкурэнтнага асяродзьдзя для далейшага разьвіцьця гандлю з Расеяй. Гандлёвыя адносіны варта нарасьціць, лічыць кіраўнік Беларусі.
  • Лукашэнка адзначыў, што вырашэньне актуальных пытаньняў пераносіцца на наступныя сустрэчы інтэграцыйнага пытаньня, і прапанаваў вырашаць такія пытаньні «тут і цяпер».
  • Кіраўнік Беларусі чакае, што пытаньні памежнага кантролю паміж Беларусьсю і Расеяй будуць урэгуляваныя.
  • Заявы Лукашэнкі Пуцін праігнараваў, але заявіў пра рост таваразвароту і мэты па «нарошчваньню эканамічнай і палітычнай інтэграцыі» Расеі зь Беларусьсю. Таксама кіраўнік Расеі паведаміў, што на паседжаньні Вышэйшага дзяжсавету, будзе прыняты дакумэнт, які вызначыць накірункі працы Саюзнай дзяржавы на наступныя 5 гадоў.

У сваёй прамове Уладзімір Пуцін засяродзіўся на лічбах:

  • Беларускія прадпрыемствы інвэставалі ў Расею 620 мільёнаў даляраў, аб’ём назапашаных Расеяй у беларускай эканоміцы грошай перавышае 3,09 мільярды даляраў.
  • 10 мільярдаў даляраў Расея інвэставала ў будаўніцтва Беларускай АЭС.
  • Да 2020 году Расея інвэстуе 2,5 мільярды даляраў у абнаўленьне беларускай часткі газаправоду «Ямал-Эўропа», і больш за 1 мільярд даляраў у будаўніцтва дадатковых падземных сховішчаў газу.

Гэта першы афіцыйны візыт Уладзіміра Пуціна ў Беларусь пасьля пачатку ягонага чацьвёртага прэзыдэнцкага тэрміну. Раней Пуцін рабіў у Беларусь самы першы візыт пасьля інаўгурацыяў, сёлета ж першай афіцыйнай пасьля выбараў была паездка ў Аўстрыю, другім быў Кітай, а Беларусь трэцяя.