Былы старшыня Салігорскага райвыканкаму Аляксандар Рымашэўскі прызначаны дырэктарам сельскагаспадарчага вытворчага каапэратыву «Радастаўскі», піша Tut.by са спасылкай на прадстаўнікоў прадпрыемства.
«Радастаўскі» знаходзіцца ў Драгічынскім раёне Берасьцейскай вобласьці, мае ў штаце 160 работнікаў. Раней у Радаставе быў калгас «Чырвоны партызан», якім пэўны час кіраваў бацька цяперашняга старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка. Вакульчык там ня толькі вырас, але і сустрэў будучую жонку — казаў, нярэдка прыяжджае на малую радзіму.
Аляксандар Рымашэўскі, як заявілі ў калгасе, узначальвае калгас «з учорашняга дня», але «вельмі заняты», таму ня можа даць камэнтар. Экс-кіраўнік Салігорскага раёну быў асуджаны за хабар на 8 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, а выйшаў праз паўгода. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам.
Абвінавачаньне інкрымінавала экс-старшыні Салігорскага райвыканкаму атрыманьне 16 900 даляраў хабару, Рымашэўскі на працэсе не прызнаваў сябе вінаватым, у апошнім слове назваў сваю справу сфальшаванай.
Днём пазьней па вызваленьні Рымашэўскага стала вядома, што «два-тры месяцы таму» выйшаў на волю яшчэ адзін карупцыянэр, памілаваны Лукашэнкам: былы кіраўнік Ленінскага раёну Менску Валеры Кулеш, якога затрымалі летам 2016 году.
За 2017 год асудзілі за карупцыю 0,44% беларускіх чыноўнікаў.