Дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў Ганна Канапацкая накіравала зварот у Генэральную пракуратуру на імя пракурора Аляксандра Канюка, у якім просіць правесьці праверку законнасьці перагляду межаў зонаў аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці Курапаты, у выніку якога ў непасрэднай блізкасьці ад месцаў масавых пахаваньняў быў пабудаваны рэстаранны комплекс «Поедем Поедим».
Паводле Ганны Канапацкай, Курапаты — гэта месца памяці і смутку, якое павінна быць ушанавана мэмарыялам.
«Зноў абвастрылася сытуацыя вакол Курапатаў. Незразумела, навошта і каму на самай справе было трэба даводзіць яе да крайнасьці, бо і чыноўнікі, і бізнэсоўцы цудоўна разумелі, якія страшныя дзеі дзеяліся работнікамі НКВД у гэтым месцы», — напісала дэпутатка на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
У інтэрвію Свабодзе Ганна Канапацкая адзначыла наступнае:
— Ідзе замоўчваньне часткі гісторыі беларускага народу, беларускага грамадзтва. У любым выпадку ёсьць пацьверджаныя факты таго, што там расстрэльвалі людзей, і найперш гэта павінна быць месцам памяці і смутку. А з другога боку чыноўнікі, улады, якія прынялі рашэньне аб зьмене ахоўных зонаў, павінны несьці адказнасьць, каб бізнэс разумеў, што чыноўнікі таксама нясуць адказнасьць за тое, што яны нарабілі.
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагамфэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.